Брэсцкі палігон у выхадныя адкрылі для цывільных

25 марта 2019

Брэсцкі палігон, дзе зараз праходзіць завяршальны этап вясновага палявога выхаду салдат-тэрміновікаў, у выхадныя адкрылі для цывільных. Звычайна патрапіць на такі аб'ект можна толькі строга па пропусках, але для бацькоў і жонак вайскоўцаў гэтым разам зрабілі выключэнне. Як жывуць сыны, у якіх умовах праходзяць заняткі, ды і проста як пачуваюцца і які настрой. На душы стала лягчэй і тым і іншым, упэўнівае наш карэспандэнт Вікторыя Патоня, якая назірала за сустрэчай. Блізкія ўпэўніліся: з іх роднымі ўсё ў парадку, а маладыя хлопцы пад пільным поглядам бацькоў адразу неяк падцягнуліся і пасталелі. 

Упершыню сустрэчу салдат-тэрміновікаў з роднымі арганізавалі на палігоне 

Дзеянне на пляцоўцы разгортваецца імкліва! За лічаныя хвіліны артылерысты ліквідуюць умоўнага праціўніка ў небе. Баявыя разлікі дзейнічаюць на вачах самых блізкіх і родных. Яшчэ нядаўна хлапчукі, сёння - сапраўдныя мужчыны - абаронцы. Упершыню сустрэчу салдат-тэрміновікаў з роднымі арганізавалі на палігоне. Тут завяршаецца палявы выхад падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый з Брэста і Віцебска. 

Падчас палявога выхаду ўмовы максімальна набліжаныя да баявых. Байцы жывуць вось у такіх палатках, будуюць абарончыя збудаванні і на практыцы вучацца выкарыстоўваць зброю і спецыяльную тэхніку. Трэніроўкі праходзяць не толькі ўдзень, але і ўначы.

Палатачны гарадок на 600 чалавек разгарнуўся сярод соснаў і пяскоў на пяць тыдняў. Раман Дзмітрук палявы выхад заве армейскай рамантыкай. Жыццё - паводле статута. Пад’ём у 6 раніцы, страявая і шматгадзінныя заняткі.  Да дэмбелю Раману застаўся ўсяго месяц. Але расставацца са службай ён не спяшаецца, пойдзе на кантракт і збіраецца паступаць у профільную ВНУ.  

Пабачыць пасталелага сына прыехала мама Рамана. Гаворыць, спачатку хвалявалася, а зараз упэўненая: старэйшы сын стане прыкладам і для малодшага.

У дзень адчыненых дзвярэй у перасоўнай вайсковай часці больш за сотню гасцей. 

Бацькі, жонкі, браты, бабулі і дзядулі. Многія ў такой атмасферы аказаліся ўпершыню. Не абышлося без салдацкай кашы і канцэрта. А гэты выхад сыноў з незвычайнымі букетамі мамы запомняць надоўга. Бо нават у суровых армейскіх буднях ёсць месца для цёплых слоў і эмоцый.

Дзмітрый Бялецкі, намеснік камандзіра дывізіёна 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады УС Беларусі: "70 % нашага дывізіёна - гэта вайскоўцы прызыву першага перыяду, гэта значыць, лістапад 2018 года. Адпаведна, іх навучалі з нуля, і на сённяшні дзень яны ўжо гатовыя выконваць задачы па прызначэнні ў поўным аб'ёме".

Свае навыкі байцы працягнуць удасканальваць. Ужо ў красавіку іх чакаюць батальённыя тактычныя вучэнні, якія пройдуць сумесна з вайскоўцамі расійскіх сіл спецыяльных аперацый.