Брэсцкія ўрачы першымі ў краіне правялі рэгіянальную аперацыю па перасадцы печані

3 января 2014
Да гэтага кроку ў абласной бальніцы рыхтаваліся больш за год, медыцынскі персанал стажыраваўся ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры трансплантацыі органаў і тканак і ў замежных калег. Зрэшты, тут ужо паспяхова праводзяць аперацыі па трансплантацыі нырак. І вось чарговае дасягненне!

Як адчувае сябе першы рэгіянальны пацыент, цікавілася Вікторыя Патоня.

Сёння для Любові Тэйге - сёмыя пасляаперацыйныя суткі. 58-гадовая жанчына прыехала з Жабінкі. Гаворыць, што калі ўрачы прапанавалі зрабіць аперацыю па перасадцы печані, згадзілася не разважаючы. Пяць гадоў Любоў Віктараўна пакутавала ад цырозу печані, набытага ў выніку віруснага гепатыту С. Адзіны шанц вярнуцца да паўнавартаснага жыцця - аперацыя.


Да гэтай аперацыі ў Брэсце ішлі больш за год. Медыкі прайшлі стажыроўку ў Мінску і ў Бруселі ў адной з вядучых клінік свету.


З 2011 года брэсцкія ўрачы з'яўляюцца першапраходцамі сярод рэгіянальных медыкаў па перасадцы нырак. І вось чарговая перамога. У гэтай аперацыйнай паспяхова прайшла аперацыя па трансплантацыі печані. За жыццё чалавека змагалася брыгада ў колькасці 25 чалавек. Аперацыя ішла больш за 10 гадзін.


Брэсцкія медыкі працавалі пад кіраўніцтвам мінскіх калег з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак. А Любоў Тэйге - першая пацыентка ў краіне, перасадку печані якой выканалі ў рэгіянальнай бальніцы.


Андрэй Шасцюк, загадчык аддзялення трансплантацыі Брэсцкай абласной бальніцы: Гэта лічыцца адной з самых складаных аперацый у хірургіі. Тут складана не толькі выканаць аперацыю, але і правільна правесці анестэзію, правільна правесці пасляаперацыйны перыяд. Прыкладна каля трох тыдняў знаходжання ў бальніцы. Потым пастаяннае медыцынскае назіранне на працягу наступнага жыцця.


У Брэсцкай абласной бальніцы аддзяленне трансплантацыі з'явілася 3 гады таму. За гэты час тут правялі амаль 100 аперацый па перасадцы нырак. І пакуль менавіта брэсцкія ўрачы адзіныя ў краіне выканалі аперацыю па трансплантацыі аорты. У лісце чакання на перасадку печані ў рэгіёне зараз - 15 прозвішчаў.


У перспектыве тут плануюць выконваць найскладанейшыя аперацыі, а таксама стварыць Цэнтр па перасадцы органаў, з дыягностыкай і лабараторнымі даследаваннямі пацыентаў.




Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя