Брэсцкая вобласць - лідар па колькасці прададзенай нявыкарыстанай маёмасці

26 февраля 2019

Брэсцкая вобласць па выніках мінулага года з'яўляецца лідарам па колькасці прададзенай нявыкарыстанай маёмасці. У рэгіёне адбылося амаль 850 аўкцыёнаў, на якіх з малатка, у тым ліку за адну базавую, пайшло звыш 130 аб'ектаў нерухомасці. Але адна справа прадаць, другая - удыхнуць у гэтыя будынкі новае жыццё. Ці ўдалося - ведае Вікторыя Патоня.

Лабірынты, сухі басейн, 10 батутаў. За некалькі крокаў кафэ. Атракцыён забаў для сямейнага адпачынку ў Бярозе адкрыўся тры месяцы таму. Дзіцячы гульнявы комплекс з'явіўся на месцы будынка былога Дома культуры. Два гады таму незапатрабаваную двухпавярховую пабудову выкупіў мясцовы прадпрымальнік, узяў крэдыт. І паступова стаў рэанімаваць вялізныя плошчы ў 1300 квадратных метраў. Удасканаліў сістэму ацяплення, зрабіў рамонт. У горадзе з'явілася і дадатковая банкетная зала. На другім паверсе ўладкоўваюцца сем гасцінічных нумароў эканамічнага класа.

У Брэсцкай вобласці за апошнія пяць гадоў у гаспадарчае абарачэнне ўцягнута каля тысячы аб'ектаў. 2/3 з іх праз аўкцыёны, у асноўным для вядзення бізнесу. Згодна з законам, набыць і ўдыхнуць новае жыццё ў старыя пабудовы можна амаль задарма, за адну базавую - 25 з паловай рублёў.

Нізкі кошт прываблівае, але не заўсёды пакупнік улічвае далейшыя выдаткі на афармленне дакументаў, рэканструкцыю, рамонт. Ёсць выпадкі, калі набытыя будынкі гадамі стаяць без нагляду.

Гэтаму будынку былой школы ў горадзе Косаве больш за 60 гадоў. У пачатку 2000-х ён быў зачынены і пасля прададзены з аўкцыёну ўсяго за адну базавую велічыню. Аднак новаму ўладальніку так і не ўдалося рэалізаваць задуманае. У выніку фасад разбураецца, асыпаецца тынк. Нягледзячы на тое, што вокны і ўваходы забітыя, на трэцім паверсе адбыўся пажар.

Плошчы новы гаспадар планаваў выкарыстаць пад пілараму. Дагавор куплі-продажу прадугледжваў стварэнне мінімум пяці рабочых месцаў. Але бізнес не пайшоў. Пабудова за 11 гадоў яшчэ больш разбурылася. І толькі зараз закінуты будынак зноў спрабуюць вярнуць у дзяржуласнасць.

Арышт з пабудоў зняты. Да вырашэння пытання падключылася пракуратура. Мясцовыя ўлады пераконваюць: праз месяц будынак старой косаўскай школы зноў будзе на балансе раёна. Імаверна, яго зноў выставяць на аўкцыён. І ўсё ж такія прыклады адзінкавыя. Большасць пакупнікоў рэанімуе будынкі і ператварае іх у турыстычныя комплексы і вытворчыя пляцоўкі з дадатковымі рабочымі месцамі. Сёлета Брэстаблмаёмасць плануе выставіць на продаж амаль 200 аб'ектаў.