Берасцейская Біблія вернецца на гістарычную радзіму праз 450 гадоў

24 августа 2019

Шэдэўр беларускага кнігадрукавання - Берасцейская  Біблія - вернецца на гістарычную радзіму праз 450 гадоў. У Мінску працуюць над факсімільным аднаўленнем фаліянта. Праект па дакладным узнаўленні кніжнага помніка эпохі Рэфармацыі вядзе Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Першы экзэмпляр беларускага выдання ў год тысячагоддзя прэзентуюць Брэсту. Пра гістарычную рэканструкцыю самай дарагой кнігі ў гісторыі краіны  Дар'я Тарасава.  

Факсімільнае ўзнаўленне кніжнага помніка патрабавала дасканаласці. Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі правялі навуковае даследаванне. Былі вывучаны экзэмпляры Бібліі, якія сёння раскіданы па ўсім свеце, усяго  каля 130 асобнікаў. Шукалі тыя, што  лепш захаваліся. Спецыялістам пашанцавала, быў выяўлены экзэмпляр, які паходзіць з бібліятэкі Багуслава Радзівіла. Асобнік алічбаваны і падрыхтаваны да друку. 

Кнігу надрукавалі на ўласным паліграфічным забеспячэнні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Гэта наш, мінскі друк. А вось пераплёты давялося рабіць уручную. 

Спецыялісты падрыхтавалі адразу некалькі версій Берасцейскай Бібліі. Вага кожнай - 15 кілаграмаў, паколькі арыгінал быў унікальным і па сваіх эстэтычных якасцях, кожны экзэмпляр факсіміле мае багатае ўбранне. Кніга апраўлена  натуральнай італьянскай скурай першага сорту, убачыць можна залачэнне, выкарыстаны спецыяльныя клішэ, латунныя металічныя засцежкі, нарожнікі і жукавіны. Дарэчы, элементы дэкору неабходныя і для забеспячэння захаванасці кнігі. 

Для работ па ўзнаўленні была запрошана каманда мастакоў кнігі, якая распрацоўвала аправу і гатычны пераплёт для факсіміле. На аснове арыгінальнай гравюры тытульнага ліста кнігі было створана клішэ першай старонкі пераплёту. Цэнтральны элемент кампазіцыі дрэва - сімвал Бібліі - выкананы фольгай. На адваротным боку можна ўбачыць цісненне, аналагічнае таму, што было  на выданнях XVI стагоддзя. Захавалі і старажытную тэхналогію вырабу аправы, кніга зроблена на дошках, абцягнутых скурай. 

Не блытаць з арыгіналам. Кожны, хто адкрые кнігу, убачыць, што гэта новае выданне. На старонках факсіміле ёсць метка  "сучасная публікацыя". Зроблена гэта ў тым ліку для таго, каб яе не прадалі на аўкцыёне недасведчанаму калекцыянеру як выданне старога часу. 

Першы тыраж факсіміле прызначаны для падарункавых мэт. Вядома, што кніга стане даступнай і для шырокага распаўсюджвання. Папрацаваць з выданнем  кожны, хто жадае, зможа і ў Нацыянальнай бібліятэцы, тут застанецца адзін з экзэмпляраў. А вось кошт кнігі будзе залежаць ад паліграфічнага афармлення. Напрыклад, мастацкае вырашэнне ў скуры,  згодна з папярэднімі падлікамі, можа каштаваць каля тысячы еўра.