Брэст рыхтуецца маштабна адзначыць тысячагоддзе з дня заснавання

28 апреля 2018

Брэст рыхтуецца маштабна адзначыць гістарычную дату - тысячагоддзе з дня заснавання. Упершыню будуць выкарыстаны інавацыйныя тэхналогіі ў галіне праекцыі на воднай роўнядзі. Яркае шоу жыхары і госці горада ўбачаць у верасні на набярэжнай Брэста. Сцэна разгорнецца на пантонах на рацэ Мухавец. Усяго ў горадзе плануецца пабудаваць і адрэстаўраваць 28 буйных аб'ектаў. Як ідуць работы сёння, ацаніла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава.

Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Вельмі актыўна вядуцца работы на ўсіх будаўнічых пляцоўках. Важна тое, што ўсюды аб'екты забяспечаны фінансаваннем, хапае будаўнікоў і ўвогуле добрая стадыя гатоўнасці гэтых аб'ектаў. Я думаю, што да свята горад будзе прыгожым, абноўленым, зручным".

У горадзе таксама ўзводзяць дзіцячы сад, школу, падстанцыю хуткай дапамогі і новы аўтавакзал. Галоўнай будоўляй застаецца транспартная развязка "Заходні абход", якая дапаможа вырашыць праблему затораў у Брэсце.