Барысаўскі раён прэтэндуе на званне лідара па вырошчванні клубніц

16 июня 2016

Самая буйная фермерская гаспадарка збірае рэкордны ўраджай ягад - 25 тон з гектара. Частку вітаміннай прадукцыі адпраўляюць на экспарт. Зрэшты, пакаштаваць клубніц, а заадно і папоўніць запасы на зіму могуць і жыхары сталічнага рэгіёна. Як гэта зрабіць, раскажа Аляксандр Харавец.

Каб вырасціць такую ягаду, трэба перш за ўсё любіць зямлю, а працы даводзіцца ўкласці шмат. "А яшчэ пад'ём разам са спевамі пеўняў і адбой апоўначы", - гаворыць Аляксандр Драгун. Пра клубніцы фермер ведае бадай што ўсё і не баіцца эксперыментаваць. Вырошчваннем салодкай ягады займаецца пяць гадоў і дзеліцца сакрэтамі поспеху. У першы год пасля

пасадкі расады заўсёды абрывае суквецці.

Сёння фермер пад клубніцы адвёў 8 гектараў і вырошчвае 8 сартоў ягад. Збірае рэкордны ўраджай. У сярэднім з гектара атрымлівае амаль 25 тон. Такім лічбам пазайздросцяць нават у клубнічнай сталіцы Беларусі - Лунінцы.

Стаўку ў гаспадарцы робяць на вытворчасць экалагічнай прадукцыі. Падкормліваюць клубніцы сырадоем. Экалагічна чыстую ягаду тут атрымліваюць дзякуючы пустазеллю. Гэтыя расліны паспяхова суседнічаюць з клубніцамі і такім чынам служаць своеасаблівымі ўгнаеннямі. А заадно выконваюць і функцыю покрыва. Тым самым чырвоныя прысмакі заўсёды застаюцца чыстымі і маюць таварны выгляд.

Смак барысаўскай ягады - найлепшая рэклама. У чаргу па клубніцы выстройваюцца, яшчэ калі кусцікі пачынаюць квітнець. Большую частку ўраджаю адпраўляюць на экспарт.

Кожны дзень збіраюць ягады амаль паўсотні чалавек. Разлік не грошамі. Па-першае, можна ўдосталь наесціся клубніц прама з градкі. Па-другое, ёсць вельмі салодкая ўмова - бясплатна можна забраць з сабой 10 працэнтаў ад асабіста сабранага.