Вялікай сям'і – вялікае жыллё

7 сентября 2016

Дзіцячы дом сямейнага тыпу ў новым для сталіцы фармаце адкрыўся сёння. Гэта катэдж з уласным участкам у Цэнтральным раёне. Знайсці прытулак і бацькоўскую апеку змогуць восем дзяцей-сірот. Надзея Сербіненка пабывала на доўгачаканым наваселлі.

Новы дом для вялікай сям'і. Сёння ў Цэнтральным раёне адбываецца ўрачыстае адкрыццё дзіцячага дома сямейнага тыпу. Падобны праект - двухпавярховы дом з уласным прысядзібным участкам – рэалізаваны ў Мінску ўпершыню .

Пакуль сям'я Акулавых толькі абжываецца ў новым вялікім катэджы. Тут ёсць усё для выхавання дзяцей - шэсць пакояў, новая мэбля і бытавая тэхніка, цацкі. Перш за ўсё гаспадыня і мама Ірына асвоіла кухню. Тут яна будзе гатаваць смачныя і карысныя вячэры для сваёй новай вялікай сям'і.

Пакуль у сям'і Акулавых толькі трое дзяцей, з іх двое - прыёмных. Але дом можа змясціць восем хлопчыкаў і дзяўчынак. Таму ўжо на наступным тыдні ў катэджы з'явіцца яшчэ адзін наваселец, васьмікласнік. Дарэчы, бацькоў-выхавальнікаў для першага сямейнага дома такога фармату выбіралі з дзясяткаў прэтэндэнтаў.

Галава сямейства Дзяніс Акулаў аб выхаванні прыёмных дзяцей ведае не па чутках. Ён сам вырас у вялікай сям'і. Даўняя мара - таксама стварыць моцны, дружны род з глыбокімі традыцыямі - зараз ўвасабляецца ў рэальнасць.

За апошнія гады колькасць сірот у сталіцы зніжаецца. А на змену дамам-інтэрнатам прыходзяць бацькі-выхавальнікі. Дзіцячы дом сямейнага тыпу - гэта новы фармат, які дазваляе стварыць паўнавартасныя ўнутрысямейныя адносіны, а значыць - даць шанец на будучыню тысячам хлопчыкаў і дзяўчынак.