Вялікі пласт снегу стварае сур'ёзныя праблемы для лясных жыхароў

11 января 2017

Аленям, казулям, ланям, зайцам і іншым чатырохлапым становіцца ўсё складаней знайсці для сябе ежу - жывёлы проста не могуць яе раскапаць. А таму двойчы на тыдзень жыхароў лесу падкормліваюць супрацоўнікі лясгасаў. У вялікія кармушкі засыпаюць зерне, сена, бульбу і буракі. Адмаўляюцца ад такога вітаміннага "фастфуду" толькі лосі - зімой сахатыя прытрымліваюцца хвойнай дыеты, але да кармушак усё-такі падыходзяць, каб пасмакаваць соль - кавалак карыснага мікраэлементу хаваюць у невялікім пяньку побач з кармушкай.

Знайсці нешта смачнае ў такой лясной сталовай дзікія зверы змогуць амаль да канца сакавіка. Усяго для жыхароў лесу ў Мінскай вобласці назапасілі больш як 400 тон вітамінных дэлікатэсаў.