Большасць мінскіх таксі гарантуюць не ўзнімаць цэны падчас II Еўрапейскіх гульняў

27 марта 2019

Машыны будуць курсіраваць са спецыяльнымі эмблемамі. Да старту галоўных спартыўных спаборніцтваў года застаецца 86 дзён. Добрыя намеры добрасумленнай канкурэнцыі зафіксавалі ў мемарандуме ўжо ў канцы мінулага года. Тады і вырашылі, што на такіх аўто павінен быць апазнавальны лагатып. Сёння яго паказалі перавозчыкам. Эмблема адобрана, зараз галоўнае - палічыць, колькі машын стануць больш прыкметнымі ў горадзе для пасажыраў.

Наша здымачная група першай убачыла графічную гарантыю сумленнай цаны.

Усе падрабязнасці ў Святланы Лук’янюк. У лістападзе мінулага года ў гэтых сценах ужо збіраліся. Як вынік 15 службаў таксі падпісалі з рэгулятарамі, Міністэрствам  антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Мінтрансам і гарадской мэрыяй, мемарандум. Аўтографамі змацавалі сумленныя паездкі. Гэта значыць, што ў чэрвені, калі Беларусь будзе прымаць II Еўрапейскія гульні, кошт за кіламетр не павялічыцца. Гэта важна і для гасцей, і для нас, жыхароў сталіцы.

Захоўваецца галоўнае - цэнавы спакой на рынку. Таксісты такія падыходы падтрымалі, назвалі іх разумнымі. Гавораць, так працуюць і ў Еўропе падчас культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў. Паездак будзе ў некалькі разоў больш, так што чэк і так істотна пацяжэе без штучных накрутак.

Але галоўнае пытанне - як быць прыкметнымі для пасажыраў. На сайце Міністэрства  антыманапольнага рэгулявання і гандлю - жоўты банэр таксі. Тут і тэкст мемарандума, і хто гарантуе яго выкананне - пералік тых самых службаў. Спіс гэты, дарэчы, яшчэ адкрыты. Можна далучацца аж да пачатку Гульняў. Рашэнне добраахвотнае. Але для кліентаў трэба вылучацца яшчэ і з патоку машын на дарогах. Таму вырашана было распрацаваць спецыяльны лагатып, каб здалёку было зразумела, хто гуляе па правілах. Сёння яго паказалі перавозчыкам. Згода на гэтую эмблему, дзе цана гарантавана, падмацавалі подпісамі над дадатковым пагадненнем. Пазней вырашаць, дзе на аўто (капоце, дзвярах або заднім шкле) размесцяць гэты знак і калі пачнуць курсіраваць таксі ў новым убранні.

Кожная дыспетчарская служба палічыць сваіх, на наступным тыдні будзе дакладная колькасць. У найбліжэйшы час сацыяльная рэклама і новая эмблема на білбордах і банэрах будзе сустракаць гасцей Беларусі і ў нацыянальным аэрапорце. Не лішнімі для рэкламы таксі - удзельнікаў праекта будуць буклеты і ў кафэ, рэстаранах і гатэлях. У перавозчыкаў шмат прапаноў. Усе яны абмяркоўваюцца.

Па выкананні падпісанага мемарандума распрацаваны і план-кантроль. Але тут больш даверу без штрафаў. Хоць выказацца па якасці абслугоўвання ў пасажыраў магчымасць будзе - падчас Еўрапейскіх гульняў адкрыюць гарачую лінію.