Вялікі школьны кірмаш пройдзе ў Мінску ў гэтыя выхадныя

13 августа 2018

Да пачатку заняткаў бацькі школьнікаў - найбольш частыя наведвальнікі магазінаў. Важна знайсці адзенне дзелавога стылю, каб было не толькі модна, але і камфортна. Сёлета беларускія дызайнеры распрацавалі больш за 350 мадэляў, і яны ўжо на прылаўках. Якая яна - школьная мода, пацікавілася Юлія Токар.

Для Галіны Сачко гэта дваццаты школьны сезон. Прызнаецца: кожны год дызайнеры імкнуцца ўдасканаліць калекцыі і зрабіць іх больш разнастайнымі. Сёлета акцэнт зроблены на адмысловых сілуэтах, асіметрычных кішэнях і арыгінальнай фурнітуры.

Ад рамантычных да спартыўных вобразаў… Англійская клетка, блузка-бомбер, геаметрыя ў камізэльках - толькі на гэтай фабрыцы падрыхтавалі больш за дзве сотні новых мадэляў.

Шыць школьную форму тут завяршаюць, дагэтуль амаль паўгода працавалі нон-стоп. І ўжо сёння ў магазінах бацькі з дзецьмі выбіраюць школьны касцюм на свой густ.

Важны элемент школьнага гардэробу - партфель. Мастак-мадэльер Ірына Калесніковіч паказвае не толькі дызайнерскія навінкі (асобна распрацавалі калекцыю "Вышыванка"), але і зручныя рашэнні для падлеткаў.

Кошт за ранец пачынаецца ад 40 рублёў, за школьную форму - ад 77. Набыць усё у адным месцы і яшчэ са скідкай можна будзе падчас самага вялікага школьнага кірмашу.

Падрыхтоўка да новага навучальнага года ў самым разгары. Кірмашы, секцыі з канцтаварамі працуюць па ўсёй краіне. Сабраць свайго вучня ў школу, а заадно і дапамагчы іншым можна падчас акцыі "Партфель першакласніка". У спецыяльныя кошыкі ў буйных магазінах можна пакласці ручкі, сшыткі і пенал, каб усе школьнікі былі гатовы.