Бальніцы і паліклінікі ў жніўні папоўняць некалькі тысяч дактароў, медсясцёр і фельчараў

25 июня 2020
Сваю кар'еру яны пачынаюць з прафесійнага выкліку. На перадавой барацьбы з інфекцыйнымі захворваннямі зараз дзясяткі маладых спецыялістаў як у сталічных клініках, так і ў малых гарадах. Урачы, медсёстры, фельчары.  Часова змяніць свой профіль шмат каму з іх прыйшлося літаральна праз некалькі месяцаў практыкі. 


Як такі экзамен праходзяць пачаткоўцы медыцынскай прафесіі? Даведалася Аляксандра Кавеліч.


Мы за 40 кіламетраў ад сталіцы. За маёй спінай Дзяржынская раённая бальніца. Кожнае лета яна становіцца першым месцам працы для некалькіх дзясяткаў маладых дактароў, медсясцёр і фельчараў. Толькі летась каманду папоўнілі адразу 23 спецыялісты.


Ірыну Цішэвіч сустракаем за некалькі гадзін да начной змены. Яшчэ падчас вучобы дзяўчына вырашыла: працаваць па размеркаванні адправіцца менавіта ў невялікі горад, каб хутчэй набрацца вопыту. І адразу першае прафесійнае выпрабаванне. Урач-отарыналарынголаг або проста ЛОР часова змяніла кабінет у паліклініцы на пост дзяжурнага ўрача ў інфекцыйным стацыянары. Хутка адаптавацца на новым месцы дапамагла падтрымка калег і маці, якая сама працуе ў такіх умовах у Смаргоні.


А гэта кадры з Любані. Рэанімацыйнае аддзяленне мясцовай бальніцы. Сюды трапляюць самыя цяжкія пацыенты. Дапамагае ім Павел Хілько. Малады ўрач прыехаў сюды па размеркаванні за некалькі соцень кіламетраў, з Гродзенскай вобласці. Наконт будучай прафесіі яшчэ ў дзяцінстве не сумняваўся ні хвіліны. І зараз ужо нават у самай складанай сітуацыі знаходзіць выключна прафесійныя магчымасці. Такі запал адзначылі і старэйшыя калегі. Малады спецыяліст паспеў стаць і маладым кіраўніком - загадчыкам аддзялення рэанімацыі. 


Павел Хілько, загадчык аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі Любанскай цэнтральнай раённай бальніцы: "Наша і без таго шматпрофільная рэанімацыя стала яшчэ больш шматпрофільнай. Адпаведна яшчэ больш умоў для самаразвіцця. Раней не было такога патоку пацыентаў з такімі захворваннямі, каб атрымаць вопыт. Для нас гэта добры шанец павучыцца".


У інфекцыйныя зараз перапрафілявалі два аддзяленні клінікі. Там працуе нямала маладых спецыялістаў. Учарашнія студэнты ахвотна застаюцца ў невялікім горадзе шмат у чым дзякуючы сацыяльнай падтрымцы.


Калектывы бальніц і паліклінік у жніўні папоўняць новыя кадры. Працу пачнуць яшчэ некалькі тысяч дактароў, медсясцёр і фельчараў. Многія з іх ужо азнаёміліся з працай у новых умовах у якасці валанцёраў.