Больш як 3 тысячы беларускіх турыстаў ужо атрымалі дапамогу і змаглі вярнуцца на радзіму

22 марта 2020
Каранавірусная істэрыя заганяе сусветны фінансавы рынак у крызісны рэжым, а масавае закрыццё межаў асабліва б'е па турызме. Пандэмія патэнцыяльна можа ліквідаваць 50 мільёнаў рабочых месцаў. А масавы лакдаўн сёлета пагражае скараціць рынак турпаслуг на чвэрць. Агенцтва Bloomberg прадракае індустрыі падарожжаў буйныя страты - амаль два трыльёны долараў.

Але галоўныя пацярпелыя - не толькі тураператары, але і самі турысты, якіх глабальны каранцін заспеў знянацку. Авіякампаніі масава адмяняюць рэйсы. Выключэнне - чартарныя праграмы. І пакуль адны падарожнікі спрабуюць ануляваць білеты, другія - атрымаць кампенсацыю, трэція проста жадаюць вярнуцца дамоў, але часцяком не могуць. 

Праца Міністэрства замежных спраў Беларусі па вяртанні нашых грамадзян на радзіму не спыняецца ні на хвіліну. Больш як 3 тысячы беларусаў ужо атрымалі дапамогу. 

МЗС падкрэслівае, што сітуацыя не статычная і заклікае беларускіх грамадзян часова ўстрымацца ад замежных паездак. Глабалізацыя адкрыла турыстычнай галіне бязмежныя магчымасці, глабалізацыя ж іх і забрала.