Больш чым тры дзясяткі вадаёмаў у краіне не прайшлі тэст на чысціню

27 июля 2016

Пляжны сезон у разгары, а таму якасць вады рэгулярна правярае санітарная служба. Асаблівая ўвага вадаёмам у спякотныя дні - чым вышэйшая тэмпература, тым больш умоў для развіцця мікраарганізмаў. Чым рызыкуюць тыя, хто адважыўся купацца пад знакам "Забаронена"? І ці можа вадаём з чорнага спісу зноў стаць прыдатным для плавання? Усе адказы ў Наталлі Тарасюк.

10 метраў ад берага. Менавіта на такой адлегласці на глыбіні 10-15 сантыметраў ад паверхні вады спецыяліст санітарнай службы Мінска бярэ пробы. На аналіз H2О з вадаёмаў сталіцы адпраўляюць кожны тыдзень. Такая частата звязаная з гарачым надвор'ем. Чым вышэй слупок тэрмометра, тым больш камфортна бактэрыям.

Ірына Жаўняк, загадчыца аддзялення Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя: "Выпадковае заглынанне вады ў тых месцах, дзе забаронена купанне, павялічвае шанц падхапіць кішачную інфекцыю".

Усяго некалькі грамаў хопіць, каб зразумець, ці з'явіцца на беразе таблічка "Купацца забаронена". Праверка ўзору ў лабараторыі займае каля гадзіны. Робяць тры аналізы. Плюс у пачатку кожнага сезона вадаёмы абследуюць яшчэ і на цяжкія металы і фасфаты.

Чым больш застаецца кіслароду, тым больш прыдатная вада для плавання. Зараз у сталіцы лепш адмовіцца ад купання на вадасховішчы Дразды і ў Мінскім моры. З гэтага спісу літаральна напярэдадні выключылі Цнянку. Дзве паўторныя пробы ў межах нормы.

Пакуль у Беларусі санітарны тэст не прайшлі больш як тры дзясяткі вадаёмаў. Уважліва да выбару месца для адпачынку варта паставіцца і жыхарам абласных цэнтраў - Брэста, Магілёва і Гродна. У чорным спісе вадасховішчы і рэкі Рагачова, Лунінца, Мазыра, Слоніма, Бабруйска, Салігорска і Любані.

Па народным календары купальны сезон завяршаецца менш чым праз тыдзень - 2 жніўня, у дзень прарока Іліі. Але развітвацца з ракой купальшчыкі не збіраюцца. Прадоўжаць маніторынг і спецыялісты санітарнай службы. Як мінімум, да канца жніўня. Калі вельмі цёпла будзе і ў верасні, то пробы будуць браць і далей.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя