Больш як суткі спатрэбілася, каб ліквідаваць пажар на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Ельня". Гэта адзін з найбуйнейшых балотных масіваў Еўропы. Агнём пашкоджана 20 гектараў. Спецтэхніка да месца ўзгарання дабрацца не магла. Ратавальнікам, а іх было каля 200, прыйшлося тушыць агонь уручную. Шкода і прычына пажару ўстанаўліваюцца. Ёсць верагоднасць, што, нягледзячы на забарону наведвання лясоў, гэта чалавечы фактар.
Тарфянішчы сёння гарэлі ў Пінскім і Столінскім раёнах. Ачагі ўзгарання - не больш за гектар. А вось пажар экасістэмы ва Украіне паблізу ад вёскі Гаць адчулі сёння раніцай нават брастаўчане. Смог і з'едлівы пах падпаленых тарфянішчаў прынёс у абласны цэнтр вецер. У краіне-суседцы ратавальнікі тушаць пажар некалькі сутак, зараз гарыць больш як 50 гектараў тарфянішчаў. Сітуацыю пастаянна манітораць лясгасы і МНС Беларусі.













