Больш за сорак святочных пляцовак разгорнуцца ва ўсіх раёнах Мінска на Дзень Незалежнасці

28 июня 2017

Флэшмоб у вышыванках і гістарычныя рэканструкцыі: горад у апошняй падрыхтоўцы да Дня Незалежнасці. Больш за сорак святочных пляцовак разгорнуцца ва ўсіх раёнах Мінска. Насычаныя спартыўныя і забаўныя праграмы чакаюцца з самай раніцы: адразу пасля парада пачнуцца гулянні ў паркавых зонах, скверах, на гарадскіх плошчах. Цэнтральная пляцоўка па традыцыі ля Палаца спорту. Там будзе арганізавана канцэртная праграма, пройдзе выстава-кірмаш народных майстроў. Гулянні адбудуцца і ў Верхнім горадзе - там выступяць ансамблі «Харошкі» і «Спадчына», клубы гістарычнай рэканструкцыі. Увечары 3 ліпеня ў 21 гадзіну ля абеліска «Мінск - горад-герой» пройдзе гала-канцэрт «Беларусь маладая мая...».

У Дзень Незалежнасці па спецыяльным рэжыме будзе працаваць і грамадскі транспарт. Аўтобусы, тралейбусы, некаторыя трамваі 3 ліпеня будуць курсіраваць з пяці раніцы да трох ночы, метро будзе адкрыта да дзвюх пасля апоўначы.