Больш за шэсць соцень сталічных двароў зменяць аблічча

24 июля 2013

Больш за шэсць соцень сталічных двароў зменяць аблічча да першага кастрычніка. Новае дзіцячае абсталяванне, клумбы і такія дэфіцытныя парковачныя месцы з'явяцца там, дзе запланаваны капітальны рамонт.


Антаніна Станкевіч ацаніла маштабы праектаў.


На інтэрв'ю з дырэктарам ЖЭС № 39 мы і не спадзяваліся. Надвор'е ніяк не спрыяла. Але дэвіз камунальніка аказаўся прыкладна такім жа, як і ў нашай здымачнай групы - не цукровы, маўляў. Тым больш, што прадэманстраваць і сапраўды ёсць што. Новыя 16 парковачных месцаў у гэтым двары, калі і не знялі праблему цалкам, то адносна палепшылі сітуацыю з адвечным сталічным пытаннем: дзе пакінуць аўто.


Новыя парковачныя месцы зрабілі, як кажуць, фіфці-фіфці. Па два мільёны скінуліся жыхары тых кватэр, нумары якіх пазначаны на кожным машынамесцы. Адпаведна, усе работы выканалі камунальнікі. Дарэчы, зрабіць тое ж самае можна амаль што ў любым двары - была б свабодная тэрыторыя. А вось у гэтым - жыхары адмовіліся ад машынамесцаў уздоўж праезду. Затое цяпер яны ўпэўненыя: любы, нават самы вялікагабарытны транспарт без праблем трапіць у іх двор.


Капітальны рамонт тут скончыўся зусім нядаўна - і двор, і дом цяпер не пазнаць. Таксама пашчасціла сёлета яшчэ жыхарам амаль 200 дамоў. Але на гэтым работы камунальнікаў не заканчваюцца - у плане давесці да розуму яшчэ каля 400 дамоў і двароў. Тэрмін - да першага кастрычніка.


Дарэчы, гарадскія ўлады нярэдка зараз кажуць пра неабходнасць ўдзелу саміх жыхароў ў справах добраўпарадкавання. Ледзь не штотыднёва ўсіх ахвочых запрашаюць на суботнікі. І па назіраннях спецыялістаў, куды больш ахвотна адклікаюцца жыхары менавіта тых дамоў і двароў, дзе адбыўся капрамонт.


Некаторыя работы па добраўпарадкаванні можна паскорыць і не чакаючы капрамонту. Напрыклад, у апошнія месяцы ў сталіцы актыўна замяняюць дзіцячае абсталяванне за кошт жыхароў. Было б толькі жаданне.