Больш за пяць тысяч чалавек прынялі ўдзел у святочным шэсці ў Гомелі

3 июля 2016

Больш за пяць тысяч чалавек прынялі ўдзел у святочным шэсці ў Гомелі з нагоды Дня Незалежнасці і 72-ой гадавіны з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пасля ўрачыстага мітынгу пачалася маштабная канцэртная праграма. А ў гэтыя хвіліны ў горадзе стартуе фестываль паветраных змеяў. Пра самыя яркія моманты свята нам распавядзе Вольга Халадовіч. Яна выходзіць на прамую сувязь са студыяй. Гомель далучаецца да ўсіх віншаванняў. Мы зараз - у эпіцэнтры падзей, як бачыце, на вуліцах у нас сёння як ніколі шматлюдна.

Паветраныя шары, букеты, флагі і, вядома ж, тое, што аб'ядноўвае прадстаўнікоў усіх пакаленняў - традыцыйнае шэсце. Яго фінальны акорд - урачысты мітынг і ўскладанне кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў і падпольшчыкаў.

Дзень Незалежнасці сёння адзначаюць ва ўсіх кутках вобласці. У Лоеве асноўнай пляцоўкай стаў мемарыял і Алея Славы. Менавіта тут у гады вайны за мужнасць і гераічнасць, праяўленыя пры штурме Усходняга вала, званне Героя Савецкага Саюза атрымалі 365 чалавек. Шматлікія - пасмяротна.

Яшчэ сёння гамяльчан чакае пляцоўка навуковых адкрыццяў, фестываль паветраных змеяў і акрабатычнае шоу.

Роўна ў 20:00 на стадыёне "Цэнтральны" пачнецца канцэртная праграма Ані Лорак. Жывы гук, яркія дэкарацыі і выдатны настрой. Горад будзе адзначаць Дзень Незалежнасці да позняй ночы.