Больш за паўтара мільёна птушак разбіваецца аб шкляныя будынкі штогод

24 сентября 2019

Гарадскія птушкі ў небяспецы! Вышынныя дамы з люстэркавымі фасадамі і падсвятленне на іх блытаюць крылатых. І яны ўсё часцей разбіваюцца аб шкляныя будынкі. Арнітолагі тлумачаць: гэта адбываецца, бо ў пералётных зараз сезон міграцыі. Птушкі адлятаюць у вырай і не заўважаюць перашкод. Іх блытаюць люстэркавыя фасады, у якіх адбіваюцца дрэвы і аблокі. Паводле падлікаў спецыялістаў, штогод у нашай краіне ў такіх сітуацыях  гіне больш за паўтара мільёна крылатых. Са шклом часцей за ўсіх сутыкаюцца сініцы, дразды, малінаўкі і шпакі. Якія лайфхакі прыдумваюць арнітолагі, каб абараніць птушак, даведвалася Алена Вітко.

З сярэдзіны верасня і да пачатку кастрычніка ў птушак - сезон міграцыі. Яны збіраюцца ў чароды і адлятаюць у вырай. Здараецца, што падчас такіх пералётаў крылатыя ўразаюцца ў шкляныя будынкі. І як вынік - гінуць. 

У прыродзе не існуе нічога падобнага да шкла, таму птушкі не адчуваюць небяспеку. Іх падманваюць люстэркавыя паверхні будынкаў, у якіх адбіваюцца дрэвы і аблокі. Каб пазбегнуць гібелі птушак, арнітолагі раяць наклейваць на шкляныя фасады спецыяльныя налепкі. Дарэчы, такія можна ўбачыць на МКАД. 

На шумаізаляцыйных шчытах уздоўж трас размясцілі вось такія спецыяльныя налепкі з выявамі драпежных птушак. Гэтыя сілуэты натуральнай велічыні, яны адпужваюць крылатых, а таксама робяць празрыстую паверхню прыкметнай. 

Яшчэ адна прыдумка ад арнітолагаў. Небяспечнае месца можна пазначыць празрыстымі ультрафіялетавымі стужкамі ці малюнкамі, нанесенымі спецыяльным маркерам.

Праблема выратавання птушак актуальна сёння ў многіх краінах свету. Падчас сезонных міграцый многія мегаполісы поўнасцю ці часткова адключаюць падсвятленне на вышынных будынках. Такую ініцыятыву сёлета падтрымалі і многія офісы Мінска.