Больш за дваццаць тысяч першакласнікаў сталіцы ў панядзелак пойдуць у школу

28 августа 2015

Урачыстыя лінейкі адбудуцца ва ўсіх сталічных школах і гімназіях. Зараз да адказнага моманту рыхтуюцца не толькі дзеці, але і іх бацькі. Апошнія падрыхтоўкі - у рэпартажы Антаніны Станкевіч.

Калекцыі новага абутку шасцігадовай Кіры Мудрай можа пазайздросціць любая дарослая модніца. Да збораў у школу бацькі дзяўчынкі падышлі грунтоўна. Усё лета набывалі сшыткі, ручкі, алоўкі і, вядома, новыя ўборы. Бо кожная першакласніца ў святочны дзень павінна быць самай прыгожай.

А вось падрыхтоўку да першых заняткаў узяў на сябе старэйшы брат Ян. Сямікласнік з большага навучыў сястру чытаць і пісаць. І хоць атрымліваецца яшчэ небездакорна, Кіра ацэньвае сітуацыю мудра: пойдзе ў школу - навучыцца.

Брат і сястра ахвотна згадзіліся на нейкі час дзяліць рабочы стол: рабіць урокі дамовіліся па чарзе. Тым больш што ў першым класе дамашкай не вельмі нагружаюць.

Зараз у сталіцы займаюцца зборамі першы раз у першы клас яшчэ больш за 20 000 школьнікаў – менавіта столькі сядзе за парты ў наступны панядзелак. Набыць усе неабходныя рэчы тым, хто яшчэ не паспеў гэта зрабіць, можна будзе нават пасля ўсіх урачыстасцяў. Школьныя кірмашы ва ўсёй сталіцы будуць працаваць да сярэдзіны верасня.

А заўтра сталічныя ўнівермагі аб’яўляюць маштабныя зніжкі на школьныя тавары. Так што можна дакупіць неабходныя рэчы і значна сэканоміць.