Больш за дзевяць тысяч навабранцаў па ўсёй Беларусі пакляліся ў вернасці Радзіме

12 декабря 2015

Самая галоўная падзея ў жыцці салдата. Сёння больш за дзевяць тысяч навабранцаў па ўсёй Беларусі пакляліся ў вернасці Радзіме. Маладое папаўненне прыбыло ў часці ўсіх відаў і родаў Узброеных Сіл. Наперадзе ў іх - паўтара года армейскай загартоўкі. За гэты час яны павінны асвоіць воінскія спецыяльнасці, навучыцца валодаць зброяй. А сёння - адказны момант, які разам з імі падзялілі родныя. Тэму прадоўжыць Аляксандра Штэмплеўская.

Самае вялікае папаўненне прымалі ў ваенным гарадку Печы. Таму і за перыметрам пляца - аншлаг. Каб заняць месца ў першым радзе, сёння цывільным прыйшлося ўставаць раней за армейскую каманду "пад'ём". Але ж убачыць, як сын прысягае Радзіме, - неацэнна.

У легендарных Печах пад Барысавам сёння прысягу прынялі больш як 1500 навабранцаў. Словы клятвы гучалі і па ўсёй краіне. Усяго вось так роўным строем і чаканным крокам у новае армейскае жыццё ўступілі 7000 салдат тэрміновай службы.

Яшчэ каля 2000 будуць служыць у рэзерве. За месяц навабранцы прайшлі курс маладога байца. І ўжо сёе-тое разумеюць у ваеннай справе.

Яшчэ нядаўна гэтых хлапчукоў праводзілі ля ваенкаматаў са слязамі на вачах іх родныя і каханыя. Сёння - зноў слёзы. Але ўжо - ад гонару за сына.

Прайшоў усяго месяц пасля прызыву, але для сваіх родных яны - ужо сапраўдныя абаронцы. Наперадзе ў гэтых хлопцаў шмат дзён жыцця паводле статута. Валодаць зброяй - не ўсё, што павінен умець салдат. Кожны атрымае ў арміі прафесію. Аляксандр прыйшоў служыць ужо з дыпломам ВНУ, а вернецца яшчэ і камандзірам танка.

Навабранцам, якія прымалі прысягу ў навучальным цэнтры ў Печах, прыйшлося крыху больш пахвалявацца. Тут урачысты рытуал прайшоў з удзелам міністра абароны.

Ну а пакуль - першае ў жыцці салдат звальненне. Праўда часу на зносіны з роднымі мала - вярнуцца ў часць прыйдзецца ўжо вечарам. Так што заўтра ў маладых байцоў - звычайная армейская нядзеля.