Больш за 80 выпадкаў узгарання травы і кустоў ліквідавалі ратавальнікі ў паўночным рэгіёне краіны

11 апреля 2020
Больш за 80 выпадкаў узгарання травы і кустоў ліквідавалі з пачатку гэтага года ратавальнікі ў паўночным рэгіёне краіны. Плошча, пашкоджаная агнём, - 84 гектары. Неасцярожнасць падчас спальвання смецця і сухой расліннасці прыводзіць да знішчэння жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў. У Бешанковіцкім раёне падчас выпальвання травы загінуў 90-гадовы мужчына. У МНС адзначаюць: асабліва хутка агонь распаўсюджваецца ў ветранае надвор'е. Каб папярэдзіць узгаранні, у рэгіёнах праходзяць прафілактычныя рэйды. Марына Раманоўская раскажа больш падрабязна.

Пашкоджаныя дахі, сцены, згарэўшыя лазні і гаспадарчыя пабудовы - гэта вынік бестурботнасці людзей, якія спальвалі сухое смецце. Докшыцкі раён. Жыхар адной з вёсак развёў вогнішча побач з домам. А гэта відэа з Полацкага - тут таксама агонь ахапіў падворак. 

З пачатку года толькі ў паўночным рэгіёне краіны ратавальнікі ліквідавалі больш за 80 падобных узгаранняў. Пашкоджаная плошча - 85 гектараў. Асабліва небяспечна спальваць сухое смецце ў ветранае надвор’е - агонь хутка перакідваецца і ахоплівае вялікія тэрыторыі. 

Вёска Кукавячына Віцебскага раёна. За тыдзень – адразу некалькі выпадкаў выпальвання сухой расліннасці. Як агонь абмінуў гэту невялікую пабудову - застаецца толькі здагадвацца. Вакол пашкоджана больш за 300 квадратаў. Манітораць становішча з верталётаў, вышак і мачтаў. А каб прадухіліць такія жудасныя выпадкі, у рэгіёнах праходзяць прафілактычныя рэйды. Да ратавальнікаў далучаюцца мясцовыя ўлады - абыходзяць вёскі і папярэджваюць людзей - у тым ліку і аб адказнасці за бяздумна разведзенае вогнішча. 

Штодзённыя дзяжурствы, патруляванне ўгоддзяў. Як толькі распачаўся пажаранебяспечны перыяд, на ўзмоцнены рэжым працы перайшла лясная ахова. У дапамогу - сучасныя сістэмы дыстанцыйнага відэаназірання. Карцінка лясных угоддзяў у рэжыме рэальнага часу паступае на камп’ютары спецыялістаў.  

Сёлета запланавана ўсталяваць яшчэ 11 дыстанцыйных сістэм. І тады пад відэанаглядам будзе ўвесь лясны фонд паўночнага рэгіёна.