Больш за 80 000 маленькіх беларусаў аздаравіліся за апошнія 22 гады ў Іспаніі

26 февраля 2016

Палова з іх родам з Гомельскай вобласці, найболей пацярпелай ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Учора вынікі супрацоўніцтва, а таксама планы на гэты год абмеркавалі спецыялісты дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта і прадстаўнікі іспанскай Федэрацыі сацыяльнай дапамогі дзецям Беларусі.

На сустрэчу ў Мінск прыехалі кіраўнікі адразу чатырох іспанскіх дабрачынных арганізацый.

Валерый Скакун, дырэктар дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Беларусі: "Безумоўна, іспанскім бокам будзе паднятае пытанне ў частцы заканадаўства. 4 сакавіка гэтага года ўваходзіць у дзеянне дэкрэт Прэзідэнта. Быў падпісаны дэкрэт "Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе", дзе прапісаныя, у прыватнасці, парадак і праца ў частцы аздараўлення дзяцей і атрымання замежнай бязвыплатнай дапамогі".

Дзякуючы супрацоўніцтву паміж краінамі за апошнія 10 гадоў у Беларусь паступіла амаль чатыры мільёны долараў у якасці бязвыплатнай дапамогі. Сродкі накіравалі на рэалізацыю праграм аздараўлення дзяцей, дапамогу малазабяспечаным беларусам і шматдзетным сем'ям.