Больш як 50 беларускіх турыстаў суткі правялі ў аэрапорце Унукава

20 марта 2020

Звыш 50 чалавек знаходзіліся на адпачынку ў краінах Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна 

Беларускія турысты, якія захраснулі больш чым на суткі ў маскоўскім аэрапорце Унукава, сёння вернуцца на радзіму. Звыш 50 чалавек знаходзіліся на адпачынку ў краінах Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна - гэта Шры-Ланка, В'етнам, Тайланд, Індыя  - і прыбылі ў ноч на 19 сакавіка ў Маскву. Але з-за ўведзенага Расіяй 18 сакавіка абмежавання на ўезд, вярнуцца ў Беларусь можна толькі транзітам праз аэрапорты Дамадзедава і Шарамеццева, людзі сутыкнуліся  з сур'ёзнай праблемай. Намаганнямі   пасольства Беларусі ў Расіі ўсіх атрымалася перавесці з зоны прылёту ў зону вылету, дзе ёсць пункты харчавання і санвузлы. Супрацоўнікі пасольства прывезлі турыстам цёплыя пледы, ваду і ежу, бо сярод нашых грамадзян 7 дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў.

Алег Мазура, прэс-сакратар пасольства Беларусі ў Расіі: "Ніякіх скарг на самаадчуванне  не было.  Прысутнічае лёгкі шок, людзі ўпершыню апынуліся ў такой сітуацыі. Але ўсе захоўваюць спакой, самавалоданне, ніякай панікі. На ўсе пытанні мы пастараліся максімальна адказаць. Наколькі я ўбачыў, усе былі задаволеныя і здаволеныя нашым прыездам і нашай размовай".

У Мінск беларускіх грамадзян даставіць спецыяльна арганізаваны чартарны рэйс Белавія


Пасля інтэнсіўных перамоў з МЗС і ФСБ Расіі, было прынята рашэнне, што беларускіх грамадзян у Мінск даставіць спецыяльна арганізаваны чартарны рэйс авіякампаніі "Белавія". Вылет запланаваны сёння на 8 раніцы. Усяго на дадзены момант за мяжой знаходзіцца каля 8 тысяч беларусаў, парадку 6 тысяч будуць вяртацца ў Мінск транзітам праз Маскву.