Больш за 400 гектараў лесу з'явіліся сёлета ў Мінскай вобласці дзякуючы школьным лясніцтвам

25 мая 2016

Лясгасы цэнтральнага рэгіёна маюць звыш сотні такіх адукацыйных філіялаў. Аматараў дзікай прыроды вучаць высаджваць і даглядаць дрэвы, а таксама клапаціцца аб лясных насельніках. А ў Лагойскім раёне школьнае лясніцтва мае нават уласны дэндрапарк. Калекцыю рэдкіх раслін тут папаўняюць кожны сезон. З падрабязнасцямі Ян Пашкевіч.

Кожны тыдзень школьніца Насця Трухан з задавальненнем затрымліваецца пасля заняткаў у школьным лясніцтве. Высадка дрэў і кустоў ператвараецца для дзяўчынкі ў мастацтва – Насця адказвае за ландшафтны дызайн дэндрапарка.

Невялікі сад рэдкіх раслін вырас насупраць Акцябрскай сярэдняй школы Лагойскага раёна. Ён жа стаў цэнтральным паркам населенага пункта. Расліны высаджваюць і даглядаюць юныя ляснічыя.

Зялёная калекцыя школьнага саду папаўняецца кожны сезон – саджанцы бэзу, цярноўніку, спірэі японскай прывозяць з гадавальніка Лагойскага лясгаса. Акрамя майстар-класаў па пасадцы, тут жа кожны тыдзень ладзяць і ўрокі біялогіі ў фармаце open-air.

Некалькі разоў на год юныя натуралісты выязджаюць і на пасадку лесу. У зялёных гаях школьнікі будуюць домікі для птушак, агароджваюць мурашнікі і сочаць за чысцінёй.

Усяго лясгасы цэнтральнага рэгіёна маюць звыш сотні такіх школьных філіялаў.