Больш за 3,5 мільёна беларусаў ужо зрабілі прышчэпку ад грыпу

23 ноября 2016

Такія папярэднія вынікі сезона вакцынацыі прагучалі сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Больш за тое, эпідэміі грыпу сёлета можна не баяцца. Так гавораць урачы. Нягледзячы на гэта, прышчапіцца ўсё ж раяць - яшчэ можна паспець зрабіць укол да канца снежня. Тэму прадоўжыць Таццяна Кароль.

Рабіць прышчэпку або не - ужо даўно не пытанне. Даказана, што менавіта вакцынацыя дапамагае пазбегнуць эпідэмій. Нежывы вірус уводзіцца ў кроў і прымушае арганізм выпрацоўваць антыцелы. Яны літаральна запамінаюць структуру віруса і потым у момант знішчаюць яго.

Па такой схеме імунітэт чалавека пачынае працаваць толькі праз тры тыдні. Таму, як раяць урачы, каб вакцына ў сезон прастуд абараніла вас ад вірусаў, укол здароўя лепш рабіць загадзя, пачынаючы з сярэдзіны верасня. Сёння ў Беларусі прымяняюцца расійскія, французскія і галандскія вакцыны - выбар застаецца за пацыентам. Ноу-хау гэтага года - магчымасць зрабіць укол айчыннай вытворчасці.

Іна Карабан, галоўны эпідэміёлаг, намеснік начальніка аддзела Міністэрства аховы здароўя Беларусі:

"Беларуская вакцына не адрозніваецца ад іншых сваіх аналагаў замежных ні па вытворчасці, ні па складзе вакцыны. Адзінае яе адрозненне - гэта цана".

Сёлета прышчапіліся ўжо больш за 3 з паловай мільёны беларусаў. Паводле слоў урачоў, эпідэміі не будзе. Зрэшты, пазбегнуць яе ўдавалася апошнія пяць гадоў.

Ірына Глінская, намеснік галоўнага ўрача Цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Беларусі:

"Уздым захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і грып будзе, але ўлічваючы, што даволі вялікая колькасць насельніцтва абаронена з дапамогай прышчэпак, вось такой актыўнай цыркуляцыі з вялікай колькасцю хворых мы не чакаем".

Больш за тое, зрабілі прышчэпку ўжо амаль 40 % беларусаў. Менавіта такую лічбу ўрачы ставілі сваёй мэтай у пачатку сезоннай вакцынацыі. Нягледзячы на тое, што ёсць невялікая рызыка захварэць нават з прышчэпкай - такія выпадкі ў Беларусі не зафіксаваны.