Больш за 380 тысяч школьнікаў змогуць адпачыць і прайсці аздараўленне ў дзіцячых лагерах

22 мая 2019
Размова  ідзе пра стацыянарныя загарадныя, школьныя, спартыўныя. Да пачатку першай змены застаецца зусім мала часу. За спінай  - вялікая праца па падрыхтоўцы да летняга сезона - абнаўленне фасадаў, рамонт у пакоях, навядзенне парадку на тэрыторыі. Усё, каб канікулы запомніліся надоўга. Марына Раманоўская  ўспомніла сваё дзяцінства.

Гэты аздараўленчы цэнтр у Шумілінскім раёне ўжо цалкам гатовы да прыезду дзяцей. У міжсезонне зрабілі касметычны рамонт, абнавілі медыцынскі корпус, замянілі частку кухоннага абсталявання.  Справа за малым - завяршыць добраўпарадкаванне тэрыторыі. Зараз тут высаджваюць кветкі і наводзяць парадак на беразе возера. 

За змену ў дзіцячым цэнтры "Дружба" адпачываюць па 110 чалавек. Для дзяцей арганізавана пяціразовае харчаванне, адкрыты басейн, абсталяваныя альтанкі. Уся тэрыторыя, а гэта 18 гектараў, упрыгожаная арт-аб’ектамі. Адпачынак атрымліваецца яшчэ і спартыўным - на тэрыторыі лагера пляцоўкі для міні-футбола, валейбола, тэніса. На гэтых летніх  канікулах з'явіцца яшчэ адна - для варкаўта. 

Уваход дазволены  толькі пасля адабрэння камісіі, у якую ўваходзяць спецыялісты розных ведамстваў. Прыёмка лагераў да летняга  сезона ўжо ідзе. Самая пільная ўвага - бяспецы дзіцячага адпачынку. 

Улетку толькі ў Віцебскай вобласці будуць працаваць 29 стацыянарных загарадных лагераў. За змену яны змогуць прыняць больш за чатыры тысячы дзяцей. Большасць месцаў адпачынку адкрыюцца пасля 8 чэрвеня. 

За чатыры змены аздаравіцца ў беларускіх лагерах змогуць больш чым  380 тысяч дзяцей. "Сардэчна запрашаем!", - скажуць не толькі стацыянарныя загарадныя, але і  лагеры з дзённым знаходжаннем, да прыкладу, спартыўныя і школьныя. 

Задача дарослых - зрабіць летнія канікулы максімальна запамінальнымі і карыснымі. У кожным лагеры - свая аздараўленчая і забаўная праграмы. 

Ужо зусім хутка на тэрыторыі дзіцячых лагераў будуць гарэць моладзевыя вогнішчы. Так традыцыйна адзначаюць адкрыццё і закрыццё кожнай змены. Наперадзе - час новых знаёмстваў, прыгод і яркіх успамінаў.