Больш за 300 маладых следчых прынеслі прысягу

12 сентября 2014

Тры гады на варце. Чарговы дзень нараджэння адзначае самая маладая праваахоўная структура Беларусі - Следчы камітэт. Роўна тры гады таму Прэзідэнт падпісаў указ аб стварэнні ўніверсальнага ведамства. Новая структура аб'яднала працу пракурораў, следчых і супрацоўнікаў дзяржкантролю. Юрый Шаўчук сёння ўспомніў дасягненні ведамства і павіншаваў больш за 300 афіцэраў з прыняццем прысягі на плошчы Дзяржаўнага герба і флага.


Ужо ні для каго не сакрэт, што тры гады таму стварэнне такой структуры як Следчы камітэт паклала пачатак карэннай рэформе ўсёй праваахоўнай сістэмы. На працягу гэтага часу следчыя знаходзіліся пад пільнай увагай грамадскасці. Яно і зразумела, бо камітэт быў закліканы стаць увасабленнем справядлівасці, а яго супрацоўнікі - узорам служэння закону.


Аб выніковасці падобнай структуры ў Беларусі лепш за ўсё гаворыць статыстыка. З моманту стварэння ведамства раскрывальнасць злачынстваў у краіне значна павялічылася. 400 тысяч папак з крымінальнымі справамі леглі на стол следчых за гэтыя тры гады. Прыкметна палепшылася і якасць папярэдняга следства.


Сімвалічна, што дзень нараджэння Следчага камітэта супаў з яшчэ адной знакавай падзеяй. Больш за 300 афіцэраў у Мінску прынеслі прысягу на вернасць Радзіме і прафесіі на плошчы Дзяржаўнага герба і флага.


Сёння і яшчэ адзін дзень нараджэння - Следчы камітэт Беларусі адкрыў свой афіцыйны сайт. Акрамя агульнай інфармацыі аб ведамстве, на партале можна азнаёміцца з самымі апошнімі навінамі са свету крыміналу. Яшчэ больш аб працы следчых у сумесным праекце Белтэлерадыёкампаніі і Следчага камітэта Таямніцы следства. Варта сказаць, што гэта ўжо трэці сезон унікальнага праекта на тэлеканале Беларусь 1.


Сёння следчыя шчыльна ўзаемадзейнічае з МУС, Генпракуратурай, КДБ, Дэпартаментам фінансавых расследаванняў і Камітэтам судовых экспертыз. І гэта не дзіўна, бо мэта ва ўсіх гэтых ведамстваў адна - аб'ектыўнае расследаванне злачынстваў і абарона правоў і законных інтарэсаў беларусаў.