Больш за 20 тысяч маладых спецыялістаў знайшлі першае месца працы па выніках размеркавання ў 2015 годзе

30 марта 2016

Сёлета канчатковыя лічбы стануць вядомыя пазней. Толькі ў педагагічным універсітэце імя Максіма Танка плануюць размеркаваць больш як 700 студэнтаў. Ужо зараз на заяўкі ад прадпрыемстваў прэтэндуюць не толькі бюджэтнікі і студэнты-завочнікі, якія адвучыліся больш за палову тэрміну на дзённай форме, але і платнікі. Ці могуць яны ў хуткім часе таксама разлічваць на статус маладога спецыяліста? І чаму хутчэй пачаць працаваць мараць будучыя педагогі?

Рэпартаж Наталлі Тарасюк. Для выпускніка педагагічнага ўніверсітэта Івана Пугача размеркаванне ў адну са сталічных школ не проста праца, а працяг сямейнай традыцыі. Стаць настаўнікам, як і бацька, ён марыў з дзяцінства. А вось Таццяна Клімовіч ужо два гады марыць размеркавацца ў Нясвіж. Горад настолькі ўразіў дзяўчыну, што іншыя варыянты працы выхавальнікам яна нават не разглядае.

Толькі сёлета настаўніцкая сям'я краіны папоўніцца 750 маладымі спецыялістамі з дыпломамі БДПУ. Больш за сто студэнтаў па мэтавым накіраванні. Новых супрацоўнікаў чакаюць у першую чаргу ў так званых базавых арганізацыях. Гэта школы, дзіцячыя сады (усяго больш чым тры дзясяткі), з якімі ў ВНУ падпісаны дагавор. Далей - установы, у якіх студэнты праходзілі педагагічную практыку.

Аляксандр Жук, рэктар БДПУ імя Максіма Танка: "Хачу сказаць, што заявак значна больш, чым месцаў. Асабліва гэта датычыцца дашкольнікаў і настаўнікаў пачатковых класаў. Мы сёння выпускаем больш чым 140 чалавек з факультэта дашкольнай адукацыі, а заявак ужо больш за 170. Па пачатковых класах тое ж самае: каля 80 чалавек выпускнікоў, а ў заяўцы ў нас ужо 160. Таму зразумела, што неабходна думаць аб кадравым забеспячэнні гэтых узроўняў адукацыі".

Загадзя аб будучых кадрах думаюць і самі работадаўцы. Сёння толькі традыцыйны кірмаш вакансій у БДУ сабраў амаль два дзясяткі беларускіх і замежных кампаній. Усе яны гатовыя ўзяць у штат студэнта альбо даць яму месца практыкі. Большая частка прапаноў - праца ў банкаўскіх, інфармацыйна-тэхналагічных і транспартна-лагістычных фірмах.

Сітуацыя з кадрамі і ў полі зроку профільнага міністэрства. Спецыялісты прызнаюцца: нярэдка прадпрыемствы звяртаюцца напрамую ў ведамства.

Ёсць размеркаванне і ў завочнікаў, якія адвучыліся больш за палову тэрміну на дзённай форме. Больш за тое, не выключана, што ў будучыні статус маладога спецыяліста пасля размеркавання па заяўках атрымаюць і студэнты-платнікі. Такая прапанова ёсць у праекце Кодэкса аб адукацыі.

Акрамя бюджэтнікаў, магчымасць размеркавацца выкарыстоўваюць і платнікі. У 2015 годзе амаль 1300 выпускнікоў платных аддзяленняў знайшлі месца працы менавіта дзякуючы заяўкам. Спецыялісты адзначаюць, што, калі браць статыстыку за апошнія тры гады, то амаль 94 % маладых спецыялістаў не мяняюць наймальніка пасля заканчэння тэрміну размеркавання.