Больш за 200 пажараў зафіксаваны ў Мінскай вобласці з пачатку абагравальнага сезона

9 ноября 2015

Як правіла, трагедыі адбываюцца з-за няспраўнага пячнога абсталявання і праводкі. Вось і нядаўні выпадак у Маладзечанскім раёне. Падчас пажару загінуў мужчына. Адна з версій - парушэнне правіл карыстання печкай.

Як прадухіліць такія трагедыі, што рабіць у надзвычайных выпадках? У рэйд з ратавальнікамі адправілася Антаніна Станкевіч.

Галоўны ратавальнік Уздзенскага раёна з пачаткам абагравальнага сезона асабіста аглядае жылыя дамы. Пад пільным кантролем - шматдзетныя сем’і і сталыя людзі. Але ў 88-гадовай Яўгеніі Маяровіч, нягледзячы на тое, што сілы ўжо не тыя, пячное абсталяванне ў ідэальным стане. Жанчына не без гонару кажа: дзеці і ўнукі робяць усе справы па гаспадарцы.

Адзінае, чаго не хапае ў доме, - пажарнага апавяшчальніка. Але прымацаваць яго да столі – справа трох хвілін. І тут жа дэманстрацыя, як такая тэхніка працуе.

А вось у гэтым доме парадавацца няма чаму. Дзмітрый Цітко робіць заўвагі. Печка ў такім стане, што пра бяспеку ніякай гаворкі быць не можа. Гаспадыня ўсё больш хавае твар ад тэлекамеры, і, здаецца, зусім не разумее, чаму яна стала антыгероем нашага рэпартажу.

З пачаткам абагравальнага сезона такія рэйды ратавальнікі вобласці праводзяць ледзь не штодня. Трэба выявіць усе парушэнні, пакуль не здарылася бяда.

Менавіта няспраўнае пячное абсталяванне і праводка - самыя частыя прычыны ўзнікнення пажараў у халодную пару года.

Вось і апошняе здарэнне. Пажар у Маладзечанскім раёне прывёў да гібелі гаспадара. Адна з рабочых версій - парушэнне правілаў карыстання электрапрыборамі ці печкай. І, на жаль, такія выпадкі фіксуюць штогод.

З верасня ратавальнікі вобласці зафіксавалі больш за 200 пажараў, амаль чвэрць выпадкаў - як раз з-за няспраўнага пячнога абсталявання.