Больш за 1 млн 600 тыс. беларускіх рублёў накіруюць з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва на рэалізацыю творчых праектаў

10 июля 2021

Больш за 1 млн 600 тыс. беларускіх рублёў накіруюць з фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы культуры і мастацтва на рэалізацыю творчых праектаў. Напярэдадні адпаведнае распараджэнне падпісаў кіраўнік дзяржавы. Частка сродкаў будзе накіравана на правядзенне рэстаўрацыйных і аднаўленчых работ на чатырох аб'ектах са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта сядзібна-паркавыя ансамблі ў вёсцы Закозель Драгічынскага раёна і аграгарадку Залессе Смаргонскага раёна, помнік архітэктуры XIX стагоддзя, які рэстаўруюць пад краязнаўчы музей у Лепелі, і замак у аграгарадку Гальшаны Ашмянскага раёна. Акрамя таго, грашовыя сродкі выдзеляць на папаўненне фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі камплектам рукапісных і друкаваных кніжных помнікаў.