Больш за 150 новых кірункаў творчасці прапануюць сталічныя установы дадатковай адукацыі

20 октября 2013

Бацькам і дзецям ёсць што выбраць сярод 6 тысяч аб'яднанняў і клубаў па інтарэсах.


З юнымі талентамі, якія займаюцца ў гуртках, пазнаёмілася Марына Мураўёва. У свае 6 гадоў Паша Шэлег мае чацвёрты спартыўны разрад па шахматах. І столькі ж перамог маленькі гросмайстар атрымаў сёлета на міжнародным шахматным турніры ва Украіне. Вынік, годны пераймання. Тым больш што ў гуртку хлопчык займаецца ўсяго два гады.


Лаўрэатамі міжнароднага конкурсу выяўленчага мастацтва ў Мальце сталі 4 маленькія мастакі. Іх малюнкі атрымалі дыпломы. Дарэчы, увасабляць дзіцячыя фантазіі пэндзлікам імкнуцца сёння многія. Як вынік, у студыях дзіцячага малюнка аншлаг.


Такія напрамкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як скрапбукінг і дэкупаж, - трэнд навучальнага сезона.


Удыхнуць новае жыццё ў старыя рэчы дапамагае тэхніка дэкупаж. Кампакт-дыскі, вешалкі і скрыні пры дапамозе вось такіх сурвэтак і лаку пераўтвараюцца ў сучасныя элементы дэкору.


Творчы працэс у цэнтрах дадатковай адукацыі не спыняецца з ранку да вечара. Не выключэнне і выхадныя дні з канікуламі, якія пачнуцца напрыканцы наступнага тыдня.


У сістэме дадатковай адукацыі сталіцы сёння працуюць больш за 2 тысячы педагогаў. Свае веды яны выкладаюць у 23 раённых цэнтрах адукацыі, Палацы дзяцей і моладзі. Акрамя гэтага, шматлікія секцыі на базах школ і гімназій даюць бацькам выбар рознабаковага выхавання і развіцця свайго дзіцяці.