Больш як 12 тысяч нецвярозых вадзіцеляў затрыманыя на тэрыторыі Беларусі з пачатку года

14 сентября 2019

Дарожная аўтаінспекцыя праводзіць рэйды па ўсёй краіне. Гэтым разам акцэнт зроблены на п'яных вадзіцелях. Нягледзячы на жорсткія меры, тэма застаецца праблемнай. Паводле статыстыкі, з пачатку года на тэрыторыі краіны затрымана больш як 12 тысяч нецвярозых шафёраў, з іх 607 - паўторна. 

Станіслаў Салавей, афіцыйны прадстаўнік УДАІ МУС Беларусі: "У гэтыя выхадныя супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі на ўсёй тэрыторыі краіны правядуць рэйды па выяўленні нецвярозых вадзіцеляў. Будуць адпрацоўвацца як трасы, так і дробныя населеныя пункты, садовыя таварыствы і іншыя месцы, дзе могуць з'явіцца п'яныя вадзіцелі. Акрамя гэтага будуць праводзіцца мерапрыемствы пад умоўнай назвай "Фільтр". Калі ў нечаканых для вадзіцеляў месцах некалькі экіпажаў ДАІ будуць стопрацэнтна перакрываць паток і выяўляць грубыя парушэнні".

МУС прапанавала ўзмацніць жорсткасць заканадаўства ў дачыненні да нецвярозых вадзіцеляў. Тых, чый узровень алкаголю ў крыві складае больш  як 0,8 праміле, пазбавяць праў на 5 гадоў. Таксама разглядаецца павелічэнне штрафу да 200 базавых велічынь.