Больш за 1000 чалавек штодня парушаюць правілы дарожнага руху

16 ноября 2017

Акцэнт на прадухіленні пешаходнага траўматызму. Больш за 1000 чалавек штодня парушаюць правілы дарожнага руху. Такую статыстыку аб’явілі ў Дзяржаўтаінспекцыі. Да патрулявання дарог падключыліся ўчастковыя, паставыя службы і нават дружыннікі. Дзяжурства нясуць добраахвотнікі ва ўсіх кутках Беларусі. Не пакідаюць без увагі і вясковыя ўчасткі трасы. У ДАІ адзначаюць пік смяротных аварый з удзелам прахожых. Толькі за мінулы месяц на дарогах адбылося амаль дзве сотні наездаў, у якіх загінулі больш як 20 чалавек. У большасці сітуацый пешаходы знаходзіліся ў нецвярозым стане і не насілі святлоадбівальныя элементы.

Так, днямі недалёка ад вёскі Емяльянава вечарам збілі жанчыну. Ад атрыманых траўм яна памерла на месцы. Паводле інфармацыі ДАІ, загінуўшая парушыла правілы дарожнага руху - пераходзіла дарогу па-за пешаходным пераходам.

У ДАІ таксама адзначылі, што пешаходны траўматызм звязаны і з сезонным фактарам. Ападкі і рэзкія перапады тэмпературы значна пагаршаюць стан трасы і ўскладняюць кіраванне транспартам. Усяго з пачатку года адбылося каля 3 тысяч аварый, з якіх толькі 4 сотні па віне пешаходаў.