"Боінг-737" для Белавія ў новай ліўрэі робіць сваё першае паветранае падарожжа

15 августа 2016

Першым рэйсам у Беларусь. "Боінг-737" для Белавія ў новай ліўрэі робіць сваё першае паветранае падарожжа. Ён вылецеў з амерыканскага Сіэтла ў ісландскі Рэйк'явік, пасля дазапраўкі і адпачынку пілотаў накіраваўся ў Мінск.

Наш карэспандэнт Вераніка Бута зараз знаходзіцца ў Нацыянальным аэрапорце, дзе з хвіліны на хвіліну павінен прызямліцца борт № 455 (прамое ўключэнне).

Самалёт яшчэ не прызямліўся, але першы круг над Мінскам ён ужо зрабіў. Думаю, хвілін праз дзесяць лайнер даставяць да ангара, ля якога сабраліся дзясяткі журналістаў, гатовых зняць на камеру гэты важны для авіякампаніі і ў цэлым для краіны доўгачаканы момант.

Растлумачу важнасць гэтай падзеі. Новы боінг - гэта шмат у чым візітная картка Беларусі. Самалёт будзе выконваць рэгулярныя і чартарныя рэйсы па ўсіх напрамках і ствараць сучасны імідж краіне.

Авіякампаніі не часта купляюць новыя лайнеры, звычайна ў парк трапляюць судны, якім 15-20 гадоў. Белавія ж закуплівае тры новыя боінгі. Над дызайнам сумесна з беларусамі працавалі два амерыканскія агенцтвы. На распрацоўку ліўрэі спатрэбілася паўтара года.

Першыя фота самалёта з'явіліся ў Інтэрнэце. На хвасце лайнера намаляваная валошка, якая сімвалізуе Беларусь. У новым боінгу прадугледжаныя значна больш умяшчальныя багажныя паліцы, больш прасторы для кожнага пасажыра, спецыяльнае асвятленне, якое дапаможа лягчэй пераносіць змену часавых паясоў і пералёты ў начны час. Распрацоўшчыкі абяцаюць высокі ўзровень надзейнасці і нізкае спажыванне паліва, што можа паўплываць на зніжэнне тарыфаў для пасажыраў. Боінг разлічаны на 189 крэслаў у эканамкласе.

Анатоль Гусараў, гендырэктар ААТ "Авіякампанія "Белавія":

"Першы камерцыйны рэйс самалёт зробіць ужо 20 жніўня пасля завяршэння ўсіх мытных і тэхнічных працэдур. Зніжэнне тарыфаў, сучасны імідж Белавія - пунктуальнасць, надзейнасць. Новы боінг дазваляе рабіць пералёты на адлегласць да 5400 кіламетраў. Хуткасць лайнера да 851 кіламетра за гадзіну".

Другі боінг у новай ліўрэі прызямліцца ў Мінску ўжо праз месяц, а трэці бліжэй да зімы. З часам у такім афармленні будзе ўвесь парк авіякампаніі. Зменіцца і інтэр'ер унутры самалётаў, форма экіпажаў, офісы кампаніі і афіцыйны сайт авіяперавозчыка. Абяцаюць папрацаваць і з харчаваннем на борце.