Баявую тэхніку можна памацаць рукамі на выставачнай пляцоўцы

3 июля 2017

Паглядзець на баявую тэхніку сёлета можна было не толькі падчас парада, але і пасля яго.

У гэтыя хвіліны амаль паўсотні машын выстаўляюць на пляцоўцы, дзе кожны ахвотнік зможа разгледзець ваенныя ўзоры на адлегласці выцягнутай рукі. Там працуе наш карэспандэнт Юрый Шаўчук.

Калі шчыра, распавесці пра ўсе ўзоры, якія тут выстаўленыя, у рамках майго прамога ўключэння проста нерэальна, але скажу толькі адно: паглядзець ёсць на што! Нагадаем, тут паказана амаль паўсотні самых унікальных узораў узбраення беларускай арміі. Таму калі вы хочаце на некалькі хвілін уявіць сябе машыністам "Паланеза" або аператарам беспілотніка, то вам дакладна сюды.

Сапраўды, пасля парада адно з самых папулярных месцаў, куды накіраваліся гледачы, стала гэтая дэманстрацыйная пляцоўка. Тут вайскоўцы выставілі 47 адзінак тэхнікі, абсалютна ўсе яны былі ў механізаванай калоне. Знаходзіцца гэтае месца за 300 метраў ад галоўнай трыбуны, таму прыйсці сюды можа кожны ахвотнік.