БНБК - новая структура на прамысловай карце Мінскай вобласці

18 августа 2020
Ураджай збожжавых стане асновай і для вытворчасці камбікармоў на прадпрыемствах Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Зараз там пачынае працаваць першы з яе  чатырнаццаці заводаў па выпуску прэміксаў для жывёл. 
БНБК - новая структура на прамысловай карце Мінскай вобласці, будаўніцтва якой працягваецца ў Пухавіцкім раёне. Агульная мэта - павялічыць выніковасць мяса-малочнай галіны, а значыць і ў цэлым павысіць прыбытак аграпрамысловага комплексу. Пра перспектывы біятэхналогій  Аляксей Кандраценка.

Першы завод БНБК пачынае вытворчасць

Каласок за каласком на палях краіны збіраюць агульны каравай. Збожжа накіруюць па камбінатах хлебапрадуктаў, дзе з яго зробяць, напрыклад, муку або крупы. Частка сёлетняга ўраджаю трапіць на перапрацоўку на заводы Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. 
Наогул дзякуючы глыбокай перапрацоўцы збожжа можна атрымаць некалькі соцень відаў прадукцыі як для аграпрамысловага комплексу, так і, напрыклад,  для лёгкай прамысловасці або медыцыны. Адна з задач БНБК - выпуск кармавых незаменных амінакіслот. 

Аляксандр Більдзюкевіч, дырэктар біятэхналагічнай вытворчасці ЗАТ "БНБК": "Збожжа пшаніцы праз шэраг пераўтварэнняў, пачынаючы ад мукі, крухмалу і  глюкознага сіропу, ператвараецца ў тры незаменныя амінакіслаты. Гэта лізін, трыянін і трыптафан. Таму збожжа - гэта галоўная сыравіна для біятэхналогій”.
 

У БНБК свой аўтапарк, а гэта 30  найноўшых збожжавозаў МАЗ

У рабоце тэхнікі ўсё прадумана: з палёў краіны грузавікі прывозяць збожжа, а назад у рэгіёны адвозяць камбікорм. 
Адначасова з будаўніцтвам працуе і камерцыйны блок карпарацыі, бо многія кампаненты для вытворчасці камбікармоў або амінакіслот трэба закупляць загадзя. І ў той жа час ужо заключаць кантракты на пастаўку сваёй гатовай прадукцыі. 

Ілья Снапкоў,  камерцыйны дырэктар ЗАТ "БНБК":  “Геаграфія вельмі разнастайная: Нарвегія, Бельгія, краіны Балтыі, Сербія, Расія, Польшча, Літва. Японія як ні дзіўна!”

Нават самыя прагрэсіўныя тэхналогіі  нішто без спецыялістаў. Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя - гэта больш за тысячу новых працоўных месцаў. 

Яўгенія Баравік,  дырэктар па эканоміцы ЗАТ "БНБК":  “Да канца года штат БНБК складзе 700 чалавек, а пры запуску  ўсяго біятэхналагічнага  комплексу 1500 чалавек. Мы  прапаноўваем цікавую і перспектыўную працу з магчымасцю  кар’ернага росту   на інавацыйных вытворчасцях з годнай зарплатай і сацыяльным пакетам”. 

Стварэнне заводаў і лабараторый такой буйной структуры таксама паспрыяе развіццю Рудзенска, аднаго з гарадоў - спадарожнікаў сталіцы. А па суседстве - у пасёлку Дружны - будуюць арэндныя дамы для будучых супрацоўнікаў БНБК.