Подых даўніны ў сучасных дэкарацыях. Сапраўдная бальная зала разгарнулася ў Нацыянальнай бібліятэцы. На выставе "Бляск убораў і таямніцы флірту" - старажытныя бальныя сукенкі, аксесуары, карункі і абутак. Экспазіцыя ўключае каля 300 прадметаў. Усе яны з асабістай калекцыі мастака і рэстаўратара Ігара Сурмачэўскага. Адным з самых рэдкіх калекцыянер лічыць сукенку дачкі аўстрыйскай імператрыцы Лізаветы Баварскай, знакамітай на ўвесь свет як прынцэса Сісі.
Назвы многіх артэфактаў знаёмыя не ўсім. Напрыклад, што такое карнэ дэ баль, аграф і фіжмы ведаюць толькі эксперты і прыхільнікі. Акрамя сукенак і абутку, на выставе прадэманстраваны і старажытныя парфумерныя флаконы, дамскі будуарны столік, люстэркі і нават запрашэнні на балі і раўты канца XIX стагоддзя.













