Дабрачынны марафон донараў крыві стартаваў сёння ў Мінску

29 января 2015

“Наш дар у імя жыцця”. Менавіта пад такой назвай сёння ў сталіцы пачаўся марафон донараў крыві. Першымі да яго далучыліся студэнты Мінскага медыцынскага каледжа. Амаль сотня юнакоў і дзяўчат здалі кроў бясплатна. Многія з іх такім чынам дапамагаюць цяжка хворым беларусам не ўпершыню. Толькі за апошнія паўгода выязная брыгада медыкаў тут ужо трэці раз. Пра ўчынкі дзеля жыцця рэпартаж Улады Карніцкай.

У сталічным медыцынскім каледжы сёння некалькі гадзін не было ніводнай вучэбнай пары. Тут студэнты далучыліся да добраахвотнага марафону. Будучыя медыкі як ніхто іншы разумеюць неабходнасць такіх акцый. І толькі за некалькі гадзін амаль сотня юнакоў і дзяўчат здалі практычна 45 літраў крыві.

Галіна Грышкевіч, дырэктар Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа: "Сёння медработнікі як ніхто павінны быць актыўнымі ўдзельнікамі гэтага працэсу і кірунку ў нашай краіне. Я ганаруся, што каледж адкрыў студэнцкі донарскі марафон. І на працягу ўсяго гэтага перыяду мы ўдзельнічаем у гэтых працэсах актыўна".

Ульяна Шылак – студэнтка гэтага каледжа - прыйшла здаць кроў ужо  трэці раз. Прычым, угаварыла і сваіх сябровак.

Спецыялісты сцвярджаюць, што дзяліцца крывёю нават карысна. Паводле статыстыкі, донары жывуць больш доўга і менш хварэюць, у тым ліку на анкалагічныя і сардэчна-сасудзістыя захворванні. Рэгулярная здача крыві спрыяе падаўжэнню маладосці. Сёння Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе здаваць кроў бясплатна ва ўсіх краінах свету. Яно і зразумела, усяго 450 мілілітраў крыві могуць выратаваць мінімум адно жыццё.

І ратаваць пацыентаў у нашай краіне сапраўды ўдаецца. У тым ліку, і за кошт крыві бясплатных донараў. Іх, дарэчы, у нашай краіне стала больш. Толькі выязным брыгадам медыкаў у 2014-м здалі кроў абсалютна бясплатна звыш тысячы беларусаў. А гэта на 20% больш, чым летась.

Сёння ў Беларусі нарыхтоўваецца больш за 200 тысяч літраў крыві за год і амаль 100 тысяч літраў плазмы. Гэтага, кажуць спецыялісты, дастаткова для ўсіх клінік краіны.