Дабрачыннасць - яркая прыкмета Беларусі як адкрытай і дружалюбнай дзяржавы

31 декабря 2018

На працягу двух дзясяткаў гадоў наша краіна адпраўляе гуманітарную дапамогу ў самыя розныя месцы планеты. За гэты час Беларусь дапамагла больш чым 25-ці краінам. Геаграфія самая шырокая. І гэта лішні раз даказвае, што для добрых спраў няма межаў. Мінулы год не стаў выключэннем, як і наступны: гуманітарка зноў адпраўляецца ў пацярпелыя рэгіёны.

Аб дабрачыннай місіі як аб знаку добрай волі - Аляксандр Смірноў. Скрынкі з гуманітарным грузам, нібы цаглінкі дыпламатыі, закладваюцца ў падмурак міжнародных адносін. Дабрачыннасць - яркая прыкмета Беларусі як адкрытай і дружалюбнай дзяржавы. Менавіта з гэтым міралюбным пасылам наша краіна і выступае на сусветнай арэне.

Сірыйскі вектар для Беларусі - даўно пракладзены і добра знаёмы маршрут. З 2015 года мы адпраўляем у гэтую блізкаўсходнюю краіну дапамогу. Апошні раз - ледзь больш за год таму. Місію суправаджала і наша здымачная група. Усе прызнаюцца, што гэта была адна з самых цяжкіх і ўражлівых паездак.

Ужо пасля Сірыі дабрачынная місія вылятае ў іншым кірунку. В'етнам пацярпеў ад самага разбуральнага за апошнія 20 гадоў тайфуна "Дамры". Агульная шкода ад разгулу стыхіі склала амаль 2 мільярда долараў. Пералік грузу па запыце прымаючага боку быў складзены ў максімальна сціснутыя тэрміны. У выніку гуманітарка агульнай вагой у 40 тон і коштам больш як 330 тысяч рублёў адправілася за 8 тысяч кіламетраў.

Яшчэ праз паўгода праз місію міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа гуманітарка адпраўляецца ва Украіну. 80 тон дастаўленыя гумканвоем і перададзеныя ў Данецкую і Луганскую вобласці для размеркавання сярод пацярпелага насельніцтва. І такая паездка ў паўднёвую краіну-суседку адбылася другі год запар.

Фуры раз'язджаліся ў два гарады - Краматорск і Паўночнаданецк, і трэба было ўсё паспець. Уразіла: надпіс "Славянск" - увесь прастрэлены.

Гэтым разам гуманітарны груз у Сірыю адправіцца марскім транспартам. Да порта ў Клайпедзе яго даставяць цягніком. Два самазвалы і аўтобус МАЗ, адзенне і абутак, мэбля і трэнажоры, лекі і важныя медыкаменты. Кошт - амаль адзін мільён рублёў. Дастаўкай грузу ў пункт прызначэння займаюцца ратавальнікі, Мінтранс і Мінпрам. МЗС забяспечыць садзейнічанне ў перадачы грузу, а Мінфін Беларусі адказвае за фінансаванне місіі.

МНС і Белтэлерадыёкампанія зноў аб'ядноўваюць намаганні. Традыцыйна здымачная група Агенцтва тэленавін плануе суправаджаць гуманітарны груз, паказваць і распавядаць пра тое, як ён трапляе адрасату. Гэта наша місія - інфармацыйнага партнёра. І ў самыя цяжкія моманты мы заўсёды разам.