Дабрачынная акцыя праходзіць на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Трасцянец"

3 сентября 2019

Дабрачынная акцыя "Дзень памяці" сёння праходзіць на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Трасцянец". Роўна 75 гадоў таму тут прайшоў першы жалобны мітынг у памяць аб ахвярах лагера смерці, дзе загінулі больш за 200 тысяч чалавек. Сённяшняя  раніца ў Трасцянцы пачалася з працоўнай акцыі. Месца смутку прыводзяць у парадак.

На сувязі са студыяй наш карэспандэнт Юлія Хмель (прамое ўключэнне)
Сёння  на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Трасцянец" праходзіць сапраўдны суботнік. Надвор'е ўнесла свае карэктывы, але нягледзячы на гэта тут працуюць больш за  80 валанцёраў руху "Добрае сэрца". 

Яны прыехалі не толькі з цэнтра Беларусі, але і з усёй Мінскай вобласці. Прама зараз тут моладзь наводзіць парадак: прыбірае смецце, падмятае дарожкі, у тым ліку акультурвае і галоўную алею - Дарогу памяці, уздоўж якой усталяваны гранітныя пліты з інфармацыяй аб усіх месцах масавага знішчэння людзей на акупіраваных землях Беларусі. Сёння гэты мемарыяльны комплекс нібы адкрытая кніга. Можна прыйсці, убачыць, адчуць на сабе той боль, які перажыў наш народ у гады Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта ў гэтым месцы фашысты знішчылі больш за  200 тысяч мірных жыхароў і ваеннапалонных. Дарэчы, канцлагер "Трасцянец" чацвёрты ў Еўропе па колькасці знішчаных у ім людзей.

Добраўпарадкаванне мемарыяльнага комплексу "Трасцянец" - частка патрыятычнай акцыі "На славу агульнай Перамогі".

Зараз пачаўся яе першы этап, ён прадоўжыцца восем месяцаў. За гэты час сотні неабыякавых беларусаў прывядуць у парадак месца воінскай славы і гібелі мірнага насельніцтва. Яшчэ адна немалаважная задача праекта - закладка ў капсулы зямлі з гэтых памятных мясцін. 

Усяго зямлю са 118 раёнаў нашай краіны размесцяць у крыпце храма-помніка. Туды ж тры гады  таму адправілі і капсулу з Трасцянца. Зараз тут застаюцца лічаныя хвіліны да набажэнства ў памяць аб загінуўшых. А пасля ўскладанне кветак да манумента "Брама памяці".