Дабрачынная акцыя «Партфель першакласніка» завяршылася

29 августа 2016

Ва ўнівермагах увесь месяц можна было пакінуць канцтавары. Іх удалося сабраць больш за 300 кілаграмаў. І сёння ў кінатэатры «Піянер» 220 ранцаў знайшлі сваіх маленькіх уладальнікаў. Рэпартаж Юліі Токар.

Для шматдзетнай маці Алены Завадскай гэтае Першага верасня будзе ўжо другім. Дзяцей у іх дружнай сям'і чацвёра. Зараз па веды адпраўляюць шасцігадовага Дзмітрыя. Школьную форму і абутак купілі загадзя, а вось галоўны атрыбут – ранец - маленькаму вучню падарылі сёння.

У сталічным кінатэатры «Піянер» віншуюць першакласнікаў. Маленькім вучням уручаюць іх першыя партфелі. Дапамагаць шматдзетным і малазабяспечаным сем'ям сабраць дзяцей у школу ў Мінску стала добрай традыцыяй. Акцыі «Партфель першакласніка» ўжо 20 гадоў.

Дабрачынны праект ладзіўся крыху больш за месяц. У пяці буйных універмагах валанцёры збіралі школьныя рэчы. Дастаткова было купіць неабходныя дробязі для будучых першакласнікаў і пакласці ў кантэйнер. Каб для дзяцей першы паход у школу ператварыўся ў сапраўднае свята.

Агульнымі намаганнямі для 220 маленькіх школьнікаў сабралі больш за 300 кілаграмаў канцтавараў. Алоўкі, сшыткі, вокладкі для кніг – у партфелях усё самае неабходнае для першакласнікаў.

Акрамя падарункаў, дзяцей чакалі шоу фокуснікаў, выступленні артыстаў і харэаграфічных калектываў. Напрыканцы забаўнай праграмы паказвалі сямейны мюзікл «Рапунцэль». Перадапошні дзень напярэдадні школьнай лінейкі атрымаўся сапраўды святочным.