Падарыць усмешку дзецям... Дабрачынная акцыя для маленькіх пацыентаў дзіцячага хірургічнага цэнтра прайшла сёння ў сталіцы. Ужо 19 гадоў акцыя Нашы дзеці дорыць святочны настрой і падарункі маленькім мінчанам. Асаблівая ўвага заўсёды надаецца дзецям, якія падчас навагодніх святаў знаходзяцца ў бальніцах.
Далучылася да дабрачыннай акцыі і наш карэспандэнт Надзея Сербіненка. Дзядуля Мароз і Снягурка сёння завіталі ў дзіцячы хірургічны цэнтр, каб маленькім пацыентам падарыць усмешку. Камітэт па адукацыі гарвыканкама ладзіць такую акцыю ўжо чацвёрты раз.
І сапраўды, больш чароўнае для дзяцей свята, чым Новы год, цяжка ўявіць. Па аб'ектыўных прычынах малышы не змогуць наведаць святочныя ранішнікі. Але многія бальніцы знаходзяць спосаб пацешыць дзяцей - запрашаюць артыстаў і ствараюць цукеркава-мандарынавы настрой.
Маленькая Ліза прыехала з матуляй з Гомеля. Абедзве шчыра ўзрадаваліся нечаканаму візіту артыстаў. Дзяўчынцы вельмі спадабалася прыгажуня-ёлка. Да Новага года Ліза рыхтуе святочны танец.
Дзед Мароз са Снягуркай у вясёлай кампаніі клоўнаў і Чырвонай Шапачкі наведалі ўсе палаты і асабіста павіншавалі маленькіх пацыентаў.
Для дзяцей, якія зараз знаходзяцца ў хірургічным аддзяленні, Новы год і Раство асабліва доўгачаканыя. Дзякуючы намаганням Дзеда Мароза і Снягуркі святочны настрой стаў такім блізкім.
Акцыя Нашы дзеці будзе доўжыцца да 10 студзеня. Навагоднія ранішнікі і святы будуць праводзіцца ў школах, дзіцячых садках, а таксама ў цэнтрах навучання і рэабілітацыі.














