Падзяка за талент і вялікадушнасць. На тыдні былі ўручаныя тры прэміі Прэзідэнта

12 января 2020
Чарадой  святаў адзначаны гэты тыдзень у Беларусі. Светлыя калядныя дні, свята хакея на прызы Прэзідэнта і яшчэ адна прыгожая традыцыя - падзяка за талент і вялікадушнасць. Размова аб трох прэміях Прэзідэнта - "За духоўнае адраджэнне", спецпрэміях дзеячам культуры і мастацтва і яшчэ адной пад назвай "Беларускі спартыўны Алімп". 

Іх лаўрэаты - святары, дзеячы культуры, артысты, мастакі, спартсмены. Калі больш даведваешся  аб заслугах гэтых людзей, адразу знаходзіцца шмат падстаў для захаплення. Яны - увасабленне арыенціраў нашай краіны: клопаты аб дзецях, старэйшым пакаленні, захаванні нацыянальнай спадчыны, культуры і гісторыі. Прэзідэнт так і сказаў - ён ганарыцца сваім народам, паабяцаў і надалей  падтрымліваць тых, для каго культурная спадчына Беларусі - справа жыцця. 

Сярод узнагароджаных, напрыклад, калектыў грамадскага аб'яднання ветэранаў, Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў і, што асабліва прыемна, нашы калегі - калектыў Белтэлерадыёкампаніі. Высокая ўзнагарода - спецыяльная прэмія Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва прысуджана за рэалізацыю творчых праектаў, якія пазітыўна прадстаўляюць нацыянальную культуру ў Беларусі і за мяжой, а таксама за значны ўклад у выхаванне творчай моладзі. 

Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта "Беларускі спартыўны Алімп" адзначаны і тэлеканал "Беларусь 5". Прэміі ўручылі на тыдні ў Палацы Рэспублікі. Нагода  для сустрэчы, вядома, была выбрана святочная, але гаварылі не толькі аб узнёслым, ёсць і надзённыя пытанні.  Здавалася б, Аляксандр Лукашэнка ўжо не раз і вычарпальна гаварыў пра непахіснасць нашага суверэнітэту. Але ўсё роўна застаюцца ахвотнікі  спекуляваць на гэтым пытанні.  Не абыходзіцца тут і без відавочных правакацый. 

Шмат размоў  у грамадстве па-ранейшаму і аб адносінах з Расіяй. Напрыклад,  чаму дагэтуль не дамовіліся па цэнах на нафту? Прэзідэнт адказаў  і паабяцаў у хуткім часе яшчэ больш падрабязнасцяў асабіста ад яго, прычым, не толькі аб працэсе перамоў. Нягледзячы на няпростыя перамовы, тым, хто па-ранейшаму шукае двайное  дно ў адносінах з брацкай  Расіяй, Прэзідэнт адказвае: у свеце няма іншага народа, акрамя расіянаў, які ставіцца да беларусаў з такой вялікай павагай і трапятаннем.