Падзяка за Перамогу

29 апреля 2013

Падзяку за Перамогу ветэранам Вялікай Айчыннай выкажуць піянеры і актывісты Беларускага саюза моладзі. Традыцыйная патрыятычная акцыя пачнецца ўжо заўтра. На працягу 10 дзён у кожным рэгіёне краіны пройдуць тэматычныя мітынгі, творчыя фестывалі, канцэрты і сустрэчы школьнікаў з байцамі Чырвонай арміі.  А да 9 Мая сімвал акцыі - пунсовая зорка з надпісам Дзякуй за Перамогу - з'явіцца на дзвярах  дома кожнага ветэрана. Заўтра ў сталіцы разам з удзельнікамі вайны фіналісткі міжнароднага конкурсу Каралева Вясна-2013 ускладуць вянкі і кветкі да манумента Перамогі і Вечнага агню. Там жа самая маладзёжная арганізацыя краіны прэзентуе новы праект Героі Перамогі. Студэнты гістарычнага факультэта вынесуць на плошчу плакаты з фатаграфіямі Герояў Савецкага Саюза - выхадцаў Беларусі і раскажуць пра іх ваенныя подзвігі.


А з пляцоўкі ля Нацыянальнай бібліятэкі заўтра ў небе можна будзе ўбачыць мноства рознакаляровых паветраных змеяў. На іх таксама напішуць імёны герояў. Патрыятычную акцыю падтрымае першы ў Беларусі фестываль  незвычайнага паветранага мастацтва.