Навіна з пазнакай упершыню ў гісторыі.
Пісьмовую падзяку за служэнне касцёлу і благаславенне ад самога Папы Рымскага атрымала жыхарка беларускай вёскі Муляры Вілейскага раёна Ядзвіга Пастэрнак. Пасланне ад пантыфіка, напісанае на беларускай мове, прыхажанцы перадаў апостальскі нунцый Клаўдзіа Гуджэроці. Пра тое, што Папа накіраваў пісьмовае благаславенне жыхарцы нашай краіны, стала вядома адносна нядаўна, але толькі сёння раскрылі імя гэтай жанчыны.
Наш карэспандэнт Ксенія Рабчынская была адной з першых, каму ўдалося пагутарыць з Ядзвігай Пастэрнак і ўбачыць сваімі вачамі пасланне ад пантыфіка на беларускай мове.
І так сёння амаль увесь дзень. Зараз, калі Ядзвіга Пастэрнак нечакана стала вядомай, ёй тэлефануюць не толькі сябры і старыя знаёмыя, але нават і зусім невядомыя людзі. Сама жанчына у тое, што адбылося, не верыць да гэтага моманту. Яна стала першым чалавекам у Беларусі, які атрымаў ліст ад Папы Рымскага. Прычым, на роднай - беларускай - мове.
Калісьці ў яе хаце збіраліся хрысціяне з усёй вёскі. Праўда, родныя Муляры ніколі вялікімі не лічыліся -усяго 43 дамы. Але ўсе жыхары як адзін кажуць - менавіта Ядзвіга Пастэрнак не дазволіла загінуць веры нават у самы цяжкі для ўсіх хрысціян час. Больш за тое, у няпростыя 60-ыя мінулага стагоддзя Ядзвіга Пастэрнак выратавала крыж з разбуранай капліцы і зараз ён упрыгожвае касцёл у суседняй вёсцы.
У гэты касцёл Узвышэння святога крыжа ў Вілейцы пані Ядзвіга, а менавіта так усе называюць жанчыну, прыходзіць кожную нядзелю і на ўсе каталіцкія святы на працягу больш чым 20 гадоў. З моманту яго адкрыцця. Да гэтага амаль усё жыццё жанчына пяшком хадзіла ў касцёл у суседнюю вёску за 18 кіламетраў.
І пра гэта таксама пані Ядзвіга распавядала у сваёй прамове, якую падрыхтавала спецыяльна да 100-гадовага юбілею Вілейскага храма. Жанчына проста і шчыра расказала пра свой лёс і пра сваю веру. Як гэта адбывалася, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі памятае вельмі добра.
І адразу пасля завяршэння ўрачыстых святкаванняў у храме апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдзіа Гуджэроці папрасіў у жанчыны тэкст яе прамовы і паехаў з ім у Ватыкан.
Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп: Гэта пісьмо нунцый прывёз Папу, і той сказаў, што сам напіша. Адразу ўзяў картку і сам напісаў рукой, а потым быў зроблены таксама адказ і на беларускай мове.
Першае ў гісторыі Каталіцкай царквы на Беларусі пасланне звычайнай хрысціянцы ад пантыфіка зараз ляжыць на стале ў доме Ядзвігі Пастэрнак. Жанчына час ад часу бярэ ліст у рукі, быццам бы яшчэ не верыць у тое, што ён рэальны. А на пытанне аб чым зараз Вы марыце пані Ядзвіга сціпла адказвае: Каб хтосьці з маладых вернікаў прадаўжаў яе справу. Гэта, кажа, зусім не цяжка - трэба проста любіць і верыць.














