Бізнес-ідэі ўсё часцей захапляюць маладых мам

14 октября 2016

Калі мацярынства - не толькі жаночае прызванне, але і дарога да поспеху… Бізнес-ідэі ўсё часцей захапляюць маладых мам. Для жанчыны ўласная справа - гэта магчымасць самім планаваць працоўны графік і рэалізоўваць творчыя задумкі, а для кліентаў - атрымліваць прадукцыю, зробленую з матуліным цяплом. Да бізнес-мам завітала Юлія Токар.

Клапатлівая маці і жонка, а таксама паспяховая бізнес-лэдзі. Аксана Вінаградава вось ўжо 7 гадоў займаецца цікавай і карыснай справай - шые слінгі - спецыяльныя хусткі з тканіны для нашэння немаўлят. Дзякуючы ім у маладых матуль у прамым сэнсе «развязваюцца рукі» і яны становяцца больш мабільнымі. Бізнес-ідэя нарадзілася ў Аксаны разам з першай дачкой.

За месяц на гэтым ручным станку ткуць да 200 метраў рознакаляровага палатна. Выкарыстоўваюць толькі натуральныя валокны, што дазваляе зрабіць тканіну мяккай і эластычнай, камфортнай для малога.

Ідэя Ксеніі Вяцкай таксама прыйшлася многім да спадобы ў літаральным сэнсе. Маладая мама стварыла свой кулінарны брэнд. Заказы прымае анлайн. У меню віртуальнага бістро - выключна здаровая ежа, прыгатаваная з матуліным клопатам.

Галоўныя дэгустатары матуліных страў - 4-гадовы Марк і 2-гадовы Багдан. Менавіта яны і натхняюць гаспадыню. Свае веды яна перадае аматарам здаровага харчавання падчас тэматычных лекцый.

Паводле слоў бізнес-мам, мацярынства стала для іх не толькі жаночым прызваннем, але і дарогай да поспеху, таму і да сваёй справы яны ставяцца з максімальнай аддачай.