Бібліятэкі расчынілі свае дзверы для тых, каму не спіцца

22 апреля 2017

Калі цішыня ў бібліятэцы не абавязковая. Учора сотні мінчан правялі Бібліяноч. Сем кнігасховішчаў сталіцы далучыліся да міжнароднай акцыі.

На вячэрнім кніжным фестывалі пабывала Таццяна Кароль. Менавіта так учора ўвечар Нацыянальная бібліятэка адмяніла цішыню для сваіх наведвальнікаў. Гэта - "Бібліяноч-2017". А значыць, час паглядзець на кнігі па-іншаму: героі п'ес і раманаў ажываюць на вашых вачах і запрашаюць даведацца таямніцы калідораў галоўных кнігасховішчаў, паспрабаваць сябе ў ролі першадрукара, а для аматараў музыкі - пакінуць стэрэатыпы і проста ў бібліятэцы пабываць на поп-канцэрце.

Дарэчы, традыцыя не закрываць бібліятэкі да ночы і ператвараць іх у інтэрактыўныя пляцоўкі з'явілася 5 гадоў таму ў Расіі, дзе ўзялі за прыклад акцыю сусветнага маштабу - Ноч музеяў. Крыху пазней Ноч кніг правялі ва Украіне. А Беларусь далучылася да такога кніжнага флешмобу ў 2015.

А сёлета сем сталічных бібліятэк на адзін вечар сталі цэнтрам не толькі ведаў, але і творчасці. Фантазіі і крэатыву арганізатарам Бібліяночы не пазычаць: напрыклад, у фундаментальнай бібліятэцы БДУ прапанавалі гасцям сваёй кніжнай вечарынкі прымерыць на сябе ролі стыляг 50-х гадоў. Прафесійныя візажысты дапамаглі стварыць рэтравобраз усім ахвотнікам, і тут жа наваспечаныя моднікі змаглі сфатаграфаваць сябе ў зоне селфі ў стылі "аранжавы гальштук", а затым падчас майстар-класа асвоілі рухі твісту, рок-н-ролу і джайву.

Усяго ж на розных пляцоўках мінскай Бібліяночы сёлета прайшло больш за 150 конкурсаў, майстар-класаў, міні-экскурсій і флешмобаў. І паводле слоў арганізатараў, у такі кніжны фестываль, парушаючы цішыню бібліятэчных залаў, яны ўвасабляюць у жыццё свет фантазій кожнага чытача, калі ён перагортвае старонку сваёй кнігі.