Бібліятэка на колах

7 августа 2014
Ад вершаў Купалы да часопісаў па вядзенні гаспадаркі... Бібліятэка на колах - ужо не новая для Беларусі форма абслугоўвання. Бібліёбусы, якія сталі мабільнымі інфармацыйнымі пунктамі, не толькі забяспечваюць жыхароў сяла цікавай літаратурай, але і павышаюць сацыяльныя стандарты сельскага насельніцтва краіны. Больш падрабязна - Алена Борматава.



Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка ўсяго некалькі месяцаў таму пераехала ў новы будынак - гарадскі Дом культуры. Картку чытача маюць тры з паловай тысячы чалавек. Бібліятэкі - гэта яшчэ адзін пункт у інавацыйным развіцці сучаснага жыхара. Тут і свабоднае карыстанне Інтэрнэтам, які забяспечвае роўны доступ як да папяровых, так і да электронных носьбітаў. І дастаўка кніг у аддаленыя вёскі. Бібліятэка на колах запрацавала ў 2008-м згодна з дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла.
Вёска Буковічы. 55 жыхароў, дзяцей - двое. Бібліёбус тут раз на месяц, як і ў іншых населеных пунктах, якія ўваходзяць у маршрут бібліятэкі на колах. Аб прыездзе жыхароў папярэджваюць загадзя.
Летам бібліятэку разгортваюць на вясковай вуліцы. Працэс займае хвілін дзесяць. А далей - звычайная праца: адны кнігі здаюцца, другія выбіраюцца. Бібліёбус - толькі адно звяно ў мабільным комплексе па інфармацыйна-культурным забеспячэнні. Апроч выдачы і абмену кніг, перасовачнымі брыгадамі арганізуюцца і выступленні оўпэн-эйра.
Аксана Івашкевіч, бібліятэкар аддзела камплектавання Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса: У кожнай вёсцы ў нас ёсць людзі, якія чытаюць нешта канкрэтнае. Хтосьці чытае толькі рускія раманы, хтосьці чытае, наадварот, замежныя любоўныя раманы. Дзесьці жадаюць кнігі аб кулінарыі.
Кніжны фонд бібліятэкі - каля 40 тысяч экзэмпляраў. Згодна з дзяржаўнымі нарматывамі, 15 працэнтаў ад фінансавання тут ідзе на камплектацыю і папаўненне фонду. У сярэднім у адну вёску вязуць 70 кніжных найменняў.
Для кніжнага абслугоўвання раён умоўна падзялілі на 12 зон. У кожнай зоне па 3 - 4 вёскі. Колькасць чытачоў дыяметральна процілеглая. У адной зоне гэта 10 - 15 чалавек, у другой набліжаецца да сотні.
Кнігі з дастаўкай дадому і па жаданні кліента ў сярэднім за каляндарны год атрымліваюць 500 жыхароў маланаселеных і аддаленых вёсак Уздзеншчыны. Яны прачытваюць больш за 10 тысяч мастацкіх твораў і перыядычных выданняў.