БДПУ імя Максіма Танка адзначае 100-годдзе

21 ноября 2014

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка адзначае юбілей. Сёння, роўна праз стагоддзе, гэта адна з вядучых ВНУ краіны. На 13-ці факультэтах тут рыхтуюць педагогаў па 70-ці спецыяльнасцях. Напярэдадні вялікай даты ў ВНУ пабывала і Паліна Іванча.


У першым класе Надзея Сівакова напісала сабе ліст - у будучыню. Канверт адкрыла толькі праз 10 гадоў. Усё, што дагэтуль значылася на паперы, стала рэальным. Сёлета залатая медалістка, зразумела, па-за конкурсам прыехала вучыцца ў Беларускі педагагічны.


Надзея Сівакова, студэнтка 1 курса факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка: Мне падабаецца працаваць з дзецьмі і наогул я вельмі люблю дзяцей. Ну і ў мяне дынастыя педагогаў па мамінай лініі.


Працаваць цэлымі дынастыямі тут стала ўжо добрай традыцыяй. У Беларускім педагагічным сёння выкладаюць каля 30 сем'яў. Дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Сяргей Якавенка - педагог у трэцім пакаленні. Яго дынастыю звязвае з універсітэтам ужо каля паўстагоддзя.


Сяргей Якавенка, дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка: Я працую на даўніверсітэцкай падрыхтоўцы. Прыходзіць слухач, які не можа ў той жа фізіцы ні задачу рашыць, ні графік правільна пабудаваць. А калі ён пасля зносін з табой, пасля вучобы пад тваім кіраўніцтвам здае ЦТ на прыстойную колькасць балаў, хочацца жыць.


21 лістапада 1914-га ўрачыста адкрыўся тады яшчэ Мінскі настаўніцкі інстытут. Сёння гэта вялізная ВНУ, якая на 13-ці факультэтах рыхтуе педагогаў па 70-ці спецыяльнасцях.


Аляксандр Жук, рэктар БДПУ імя Максіма Танка: Сто медалістаў, роўна сто як раз да стагоддзя паступілі да нас. Гэта ў пяць разоў больш, чым летась. Прахадныя балы выраслі ад 20 да 70 на розныя спецыяльнасці, ёсць спецыяльнасці, дзе прахадны бал звыш 300. Да нас паступілі і амаль 200 выпускнікоў ліцэяў і гімназій, гэта больш за чвэрць нашага прыёму.


Па беларускую адукацыю ў Мінск кожны год прыязджаюць і абітурыенты з іншых краін.


Толькі за апошнія пяць гадоў колькасць замежных студэнтаў у Беларускім педагагічным вырасла ў 2,5 раза. Сюды прыязджаюць паступаць абітурыенты з Расіі, Украіны, Італіі, Ізраіля, Туркменістана, Азербайджана і Польшчы. Усяго ж зараз ва ўніверсітэце вучацца каля паўтысячы замежных студэнтаў з 20 краін.


Сёлета ўніверсітэт аднавіў традыцыю педагагічных класаў. З гэтага часу будучых выкладчыкаў па спецыяльнай праграме стануць рыхтаваць яшчэ за школьнай партай. У 2015-м такія профільныя класы запрацуюць больш чым у 10-ці школах сталіцы. У планах - адкрыць такія класы па ўсёй краіне, а ў кожным рэгіёне - педагагічную гімназію.