Бязвізавая тэрыторыя ў Беларусі стане большай

9 ноября 2019
Ужо заўтра ў сілу ўступіць указ Прэзідэнта, які пашырыць магчымасці для тых, хто падарожнічае індывідуальна - не з турыстычнымі групамі.

Дакумент аб'яднаў бязвізавыя зоны Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Больш за тое, да бязвізу далучацца яшчэ 5 раёнаў Гродзенскага рэгіёна: Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Лідскі і Шчучынскі раёны.

Нагадаем, бязвізавы ўезд для іншаземцаў ўпершыню пачаў працаваць у Гродзенскім рэгіёне - 26 кастрычніка 2016 года. За тры гады Гродна і беларускую частку Аўгустоўскага канала наведалі турысты больш як з 60 краін. За 2017 год - 50 тысяч іншаземцаў. У 2018-ым - 94 тысячы турыстаў. Сёлета ўжо 105 тысяч чалавек.

Бязвізавы рэжым у Брэсцкім рэгіёне стартаваў 1 студзеня 2018 года. Грамадзяне 80 краін атрымалі магчымасць 10 дзён знаходзіцца ў турысцка-рэкрэацыйнай зоне "Брэст". За першы год працы бязвізу рэгіён прыняў каля 18 тысяч 400 іншаземных турыстаў. А вось за 10 месяцаў гэтага года - ужо больш як 26 тысяч чалавек. Як рыхтуюцца сустракаць новых бязвізавых гасцей і чым будуць здзіўляць замежных турыстаў - раскажа Марыя Тройніч.

Жыхарка Германіі Кацярына Маркварт не ўтойвае захаплення: гаворыць, у Беларусь варта прыехаць дзеля аднаго толькі чыстага паветра. У Сінявокай яна праводзіць ужо другі свой водпуск. Сёлета для адпачынку выбрала санаторый недалёка ад Брэста

Бязвіз спрыяе развіццю медыцынскага турызму

У Германіі жанчына працуе настаўнікам рускай мовы, таму цяжкасцяў перакладу ў нашай краіне не адчувае. У санаторый Кацярына прыехала на аздараўленчыя працэдуры. Іх у здраўніцы больш за 200. Міжсезоння тут не бывае: у санаторыі круглы год хапае гасцей. А каб іх стала яшчэ больш, адміністрацыя вырашыла напрамую супрацоўнічаць з замежнымі турфірмамі і атрымала сертыфікат на права афармлення дакументаў для наведвання Беларусі па бязвізе. 
Сёлета ў Брэсцкай вобласці адзначаюць пік папулярнасці медыцынскага турызму. Каб разнастаіць аздараўленчы адпачынак, гасцям прапаноўваюць экскурсійныя туры па рэгіёне. 

У топе славутасцяў - Брэсцкая крэпасць

Згодна з падлікамі спецыялістаў, за гэты год мемарыяльны комплекс наведаюць паўмільёна гасцей. У паўтара раза больш, чым насельніцтва Брэста. І гэта толькі наведвальнікі музеяў і афіцыйныя дэлегацыі. Турыстаў зацікаўліваюць новымі аб'ектамі: так, у крэпасці пачалі будаваць яшчэ адзін музей 

У Пружанах распрацавалі новы трансмежны веламаршрут.
Здзіўляць турыстаў гатовыя і ў раёнах, якія заўтра толькі адкрыюцца для індывідуальных турыстаў. У Лідзе цэнтрам прыцягнення гасцей стане старажытны замак. Тут праходзяць міжнародныя музычныя фестывалі. Правялі вялікую працу і па паляпшэнні турыстычнай інфраструктуры.

У Гродзенскай вобласці актыўна развіваюць інфармацыйнае суправаджэнне турпаслуг 

А каб замежныя турысты змаглі больш даведвацца пра турыстычны патэнцыял Гродзенскай вобласці, у рэгіёне актыўна развіваюць інфармацыйнае суправаджэнне турпаслуг. Працуе сайт, створаны мабільныя прыкладанні і ўстаноўленыя інфармацыйныя бігборды ў пунктах пропуску.

У зону бязвізу ўключылі пяць раёнаў Гродзенскай вобласці

Каб пашырыць межы ўражанняў іншаземцаў аб Беларусі, усяго ў бязвізавую зону ўключылі пяць раёнаў Гродзенскай вобласці: Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Шчучынскі і Лідскі. 

Віталь Грыцэвіч, намеснік дырэктара дэпартамента Міністэрства спорту і турызму Беларусі:
"Аб'яднанне гэтых турзон, па-першае, дасць рост турыстычнага патоку, гэта значыць, турыстаў прыедзе больш, але і самае галоўнае, каб яны заставаліся даўжэй на тэрыторыі Беларусі. Калі зараз яны праводзяць на тэрыторыі гэтых бязвізавых зон парадку двух дзён, то мы плануем, што шляхам пашырэння тэрыторыі яны змогуць быць парадку чатырох дзён".

Сёлета Гродзенскую вобласць ужо наведалі больш як 100 тысяч бязвізавых турыстаў. Паводле папярэдніх падлікаў, новыя правілы знаходжання ішаземцаў у рэгіёне павялічаць гэту лічбу як мінімум удвая.